Skip to main content

Візіт былых вязняў Асвенцыма ў Ватыкан з нагоды 70-ай гадавіны вызвалення канцлагера

З нагоды 70-ай гадавіны вызвалення нацысцкага канцлагера ў Асвенцыме, якая адзначаецца сёння, 27 студзеня, дэлегацыя з шасці былых вязняў Аўшвіц-Біркенаў прыняла ўдзел у папскай аўдыенцыі ў Ватыкане. Падчас сустрэчы, якая адбылася 7 студзеня, выжыўшыя падзяліліся з Папам сваімі гісторыямі.

 

92-гадовы Казімір Альбін быў накіраваны ў Асвенцым першым транспартам, калі яму споўнілася 18 гадоў. У 1943 годзе Казімір уцёк з лагера.

88-гадовы гісторык і журналіст Марыян Турскі, старшыня Музея гісторыі польскіх габрэяў, распавёў пра сваю дзейнасць на карысць захавання памяці аб тым, што адбывалася падчас генацыду.

91-гадовая пісьменніца Сафія Посмыш, вязнярка Асвенцыма і Равенсбрука, прыехала ў Ватыкан з медалём, зробленым адным са зняволеных незадоўга да сваёй смерці. Пісьменніца падарыла Францыску сваю кнігу ўспамінаў з апавяданнем "Асвенцымскі Хрыстос".

Сярод шасці былых зняволеных на аўдыенцыі прысутнічалі таксама 90-гадовы француз габрэйскага паходжання Рафаэль Эзраіль і народжаны ў Празе 92-гадовы Фелікс Кольмер. Пачэсных гасцей суправаджаў віцэ-прэзідэнт Міжнароднага Асвенцымскага Камітэту Крыстоф Хубнэр.

Папе прэзентавалі невялікую скульптуру, якая ўяўляе свядома перавёрнутую літару “b” з іранічнага надпісу “Arbeit macht frei (праца вызваляе - нат. аўтара)”, што ўвенчавала браму нацысцкага лагера смерці. 

У дзень гадавіны трагедыі Папа Францыск звярнуўся да сусветнай супольнасці праз змешчаны ў сваім мікраблогу ў Твітэры пост, каб усвядоміць, што "Асвенцым нагадвае пра боль невымерных цярпенняў, а таксама заклікае ў будучыні да павагі, міру і збліжэння народаў". 

Паводле http://www.rp.pl