Skip to main content

Гран-пры фестываля калядак «Gloria in Excelsis Deo» атрымаў ансамбль «Jutrzenka» з Іўя

У Іўі ў 12 раз прайшоў фестываль калядак «Gloria in Excelsis Deo». Фестываль, які прайшоў у гарадскім Доме культуры, сабраў каля 200 удзельнікаў з розных парафій Іўеўскага дэканату. У розных катэгорыях выступілі салісты, дуэты, трыа, квартэты і ансамблі. Ганаровымі гасцямі свята акрамя парафіянаў горада сталі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, прадстаўнікі мясцовай улады ў асобе старшыні Іўеўскага райвыканкама Аляксандра Булака і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. 

Адкрыццю фестываля папярэднічала святая Імша ў касцёле Свв. Апосталаў Пятра і Паўла. 

«Трэба проста гэта любіць» 

З кожным годам фестываль здабывае ўсю большую папулярнасць. Моладзь з розных куткоў дэканату штогод прыязджае на фестываль калядак, каб прадставіць свае арыгінальныя нумары. 

Адным з найбольш адметных выступленняў стаў нумар 5-гадовага Марукаса Ашмантаса з парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі y Трабax.

 Вялікае ўзрушэнне пакінула на гледачоў і выступленне 7-гадовай Анастасіі Гуранковай з Іўя. Дзяўчынка не бачыць з маленства, але ўсё адчувае і «бачыць сэрцам». Яна выканала песню «Ночка ціхая», акампануючы сама сабе. У гэты момант ва ўсіх вачах засвяціліся слёзы…Гледачы пасля зазначалі: «Пан Бог, відаць, яе вельмі любіць. Забраўшы ў дзяўчынкі зрок, ён адарыў як цудоўным талентам».

 

Фестываль калядак у Іўі паказаў, што іўеўская зямля багатая на здольных і таленавітых людзей, адораных рознымі талентамі. І імі Іўеўшчына можа па-сапраўднаму ганарыцца. 

 

Пераможцы ў катэгорыі «Салісты»:

Першая узроставая група да 8 гадоў 

Антаніна Якавец, Іўе 

Другая узроставая група 9-13 гадоў

Паліна Пірог, Юрацішкі 

Трэцяя узроставая група 14-18 гадоў 

Аксана Шамбэцкая, Іўе

 

Шматгадовым арганізатарам і натхняльнікам фестываля з’яўляецца ксёндз Ян Гавэцкі, дэкан Іўеўскага дэканата. Святара артысты называюць «душою фестываля» — у арганізацыю свята кс. Ян укладвае шмат сілы. 

 

Як адкрывае сваю таямніцу сам святар — «трэба проста гэта любіць». І гэта, сапраўды, з’яўляецца праўдай, бо поспех кожнай ініцыятывы з’яўляецца поспехам тады, калі з’яднаныя вакол цябе людзі маюць тыя ж самыя мэты.

«Пан Бог сам пасылае мнe людзей, якія хочуць перадаць ласункі або суверніры для кожнага ўдзельніка фестывалю», — зазначае кс. Ян Гавэцкі. Кажучы пра плённую сумесную працу з мясцовай улады, святар зазначае, што «разам мы можам рабіць добрыя рэчы на Божую хвалу».

 

Вялікі ўклад у існаванне і правядзенне фестывалю на высокім узроўні ўносіць і адна сціплая асоба, якая найчасцей заставалася за сцэнай і паза святлом сафітаў — сястра Ірына Бучынская з Іўя. 

Пераможцы ў катэгорыя «Дуэты, трыо, квартэты»: 

Першая узроставая група да 8 гадоў

 Квартэт: Марыя Баранава, Таццяна Канарская, Анастасия Цярэшка, Юльяна Кучук — Юрацішкі 

Другая узроставая група 14-18 гадоў 

Дуэт: Ангеліна і Елізавета Юхневіч, Ліпнішкі 

Пераможцы ў катэгорыі «Ансамблі і хоры» 

Ансамбль «Лаздунскія праменьчыкі», Лаздуны

 

«Падрыхтоўка да фестываля доўжылася ад пачатку снежня мінулага года. Мне было важна, каб фестываль адбыўся на высокім узроўні. Шматгадзінныя рэпетыцыі, напісанне сцэнарыя, падрыхтоўка касцюмаў артыстам — працы было шмат», — прызнаецца законніца.

 Пераможаных няма — усе пераможцы 

Вызначэнне пераможцаў у розных катэгорыях патрабавала шмат намаганняў — узровень фестывалю быў дастаткова моцным. 

Цырымонія ўзнагароджвання не абмежавалася толькі дыпломамі і ўзнагародамі. Усе ўдзельнікі атрымалі сувеніры і каштоўныя падарункі. Найбольшую сімпатыю журы атрымаў ансамбль «Jutrzenka» з Іўя, якія атрымаў Гран-пры.

 

 

 Паводле Catholic.by