18 студзеня завяршыўся душпастырскі візіт дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.
Душпастырскі візіт іерарха ў лідскай парафіі праходзіў з 16 па 18 студзеня. На адмысловую «каляду» біскупа запрасіў пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. Уладзімір Гуляй.
Як падзяліліся ўражаннямі парафіяне, гэты візіт стаў для іх неспадзяванкай і вялікім здзіўленнем. Каб памаліцца разам з біскупам і атрымаць благаслаўленне, вернікі збіраліся найбліжэйшай сям’ёй.
Дзеці дзівіліся, калі біскуп чытаў для іх вершы са школьнай праграмы па беларускай і рускай літаратурах.
З нагоды біскупскіх калядных візітаў у іерарха запыталіся, чаму ён пайшоў з каляднымі візітамі і чаму менавіта ў Лідзе? (Сёлетні новы год іерарх таксама сустракаў з лідскімі вернікамі), на што іерарх адказаў:
«Мінае год з таго дня як Папа Францішак прызначыў у Беларусі трох новых біскупаў. 1 лютага я прыняў біскупскае пасвячэнне. Аднак, прымаючы біскупскую кансэкрацыю, я не прымаў яе толькі для сябе, але каб быць бліжэй да людзей. У гаміліях мы часта паўтараем, што Бог патрабуе рук кожнага з нас, каб благаслаўляць і вуснаў, каб навучаць, і сэрца, каб любіць. Чаму Ліда? Пасля таго як Беларусь стала незалежнай, вернікі Ліды пабудавалі 4 новыя касцёлы, дынаміка і вернасць Касцёлу і Святому Айцу вернікаў лідскай зямлі здзіўляе ўсіх. Таму я і хацеў на пачатку сваёй біскупскай паслугі зачарпнуць той глыбіні і моцы веры нашага народа, прыглядзецца да нашага хатняга Касцёла.
Я прыехаў у Ліду, каб быць з вернікамі, іх благаслаўляць, каб весці. Менавіта гэтага ад нас чакае і да гэтага заахвочвае Папа Францішак. Карыстаючыся выпадкам, я хацеў бы выказаць словы падзякі для пробашча парафіі кс. Уладзіміра Гуляя і кансэкраваных асобаў, якія тут працуюць, за абвяшчэнне Божага Слова, за адвагу і працяг паспяховай працы папярэднікаў».
Біскуп пажадаў вернікам Лідчыны пажадаць быць вернымі Крыжу і Евангеллю, у якім нашы бацькі пражывалі прыгажосць свята, дзякуючы Божай Ласцы і перамагаючы ўсе цяжкасці і неспакой».
«У 1968 годзе Луіс Армтронг спяваў «What a Wonderful World» — песня пра цудоўны свет, створаны Богам і перададзены нам у валоданне. Жадаю, каб сваім прыкладам і стараннем вы штодзённа рабілі свет больш чалавечым і Божым».
Паводле Catholic.by