Skip to main content

Ксёндз-пралат Ежы Лявінскі адзначыў 85-гадовы юбілей

Ксёндз-пралат Ежы Мар’ян Лявінскі нарадзіўся 2 студзеня 1930 года ў мястэчку Дзятлава Гродзенскай вобласці. З прыходам савецкай улады сям’я будучага святара была вымушана выехаць у Казахстан, дзе ён і правёў сваё дзяцінства. Праз некалькі гадоў сям’я зноў пераязджае, цяпер ужо ў польскі горад Радам. Скончыўшы ліцэй, будучы святар распачынае вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Сандомежэ, дзе 29 мая 1955 года прынімае святарскія пасвячэнні з рук ксяндза-біскупа Яна Кенцкага Лорка.

  У 1991 годзе ксяндза-пралата запрасілі працаваць выкладчыкам у Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне, дзе ён выкладае розныя навуковыя дысцыпліны па сённяшні дзень і з’яўляецца найстарэйшым выкладчыкам кананічнага права ў нашай семінарыі.

 Падчас святой імшы з нагоды юбілея, ксёндз-пралат распавёў пра цяжкасці і асаблівасці фармавання клерыкаў на працягу гадоў існавання семінарыі, а таксама падзяліўся сваім багатым святарскім досведам – амаль 60 год яго святарскай паслугі ад Польшчы праз Урал да Казахстана.

 Варта таксама ўзгадаць, што вясною адзначыць свой 85-гадовы юбілей ксёндз Тадэвуш Вышынскі, які больш за дваццаць год з’яўляецца выкладчыкам тэалогіі, а таксама касцёльнай музыкі і спеваў.

 Паводле wsd.grodnensis.by