Skip to main content

У Гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля была ўсталявана рухомая батлейка

Незвычайная батлейка, якая з’явілася ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, прыцягвае ўвагу не толькі парафіян, але і шматлікіх жыхароў горада. Батлейка ў парафіі, дзе служаць айцы рэдэмптарысты (Congregatio Sanctissimi Redemptoris), пачала дзейнічаць 24 снежня 2014 г.

 

 Рухомыя фігуркі батлейкі, якія кланяюцца, танчаць, становяцца на калені, выклікаюць вялікую цікавасць не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. 

Можна сказаць, што ў батлейцы пераплятаюцца мінулае з сучасным. У яе цэнтры знаходзяцца Дзіцятка Езус, Марыя і Юзаф, пастушкі, мудрацы з Усходу, анёлы, а вакол гэтага рухаецца жыццё. Тут прысутнічаюць танцоры ў традыцыйных народных строях, грае аркестр, едуць аўтамабілі, у неба ўзносіцца самалёт – усё гэта кажа пра штодзённыя клопаты чалавека. 

Пры поглядзе на гэта ўзнікае думка, што мы жывём у свеце, дзе ўсё часцей спраўджваюцца горкія словы Евангелля: “Прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі”. 

Сучасны свет, пагружаны ў тэхніку і тэхналогіі, часта не распазнае Бога, Яго прыгажосць і дабрыню ў створаным, часта жадае больш справаў чалавечых рук, чым Бога. Усё часцей чалавек адвяргае Бога, які прыходзіць рознымі спосабамі: праз шчасце і смутак, поспехі і паражэнні, праз сакрамэнты і святы. 

Таксама ў батлейцы ёсць законнік, які звоніць у звон, быццам кажучы да чалавечага сумлення: “Ідзі ў Касцёл, да Бога”. Прыгадваюцца і словы паэта Адама Міцкевіча: “Верыш, што Бог нарадзіўся ў бэтлеемскай стайні, але бяда табе, чалавек, калі Ён не нарадзіўся ў табе”. 

Таксама, гледзячы на незвычайную батлейку, можна дакрануцца да Святога Пісання: гэтаму дапамагаюць, напрыклад, постаці першых бацькоў, Вавілонская вежа, Ноеў каўчэг. 

4 студзеня батлейку наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а таксама працаўнікі чыгункі з усёй дыяцэзіі, якія ў гэты дзень сабраліся на аплатковай сустрэчы. 

 

Паводле Catholic.by