Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі сустрэў Новы год з вернікамі лідскага фарнага касцёла

У апошні дзень 2014 г. і першы дзень новага 2015 г. дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў святыя Імшы ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара). Іерарх сустрэўся з вернікамі, каб выказаць ім сардэчныя віншаванні з Новым годам, а таксама разам памаліцца.

 

31 снежня ў лідскім касцёле адбылася Імша падзякі за 2014 год. Як адзначыў біскуп Юзаф Станеўскі, гэтая Імша выключная, паколькі падчас яе “мы дзякуем Богу за ўсё дабро, якое ў мінулым каляндарным годзе стала нашым удзелам, а таксама перапрашаем за ўсё тое, у чым не да канца былі вернымі Яму”.

Іерарх адзначыў у гаміліі, што свет змяняецца вельмі хутка, і параўнаў чалавека і дадзены яму час да свечкі, якая гарыць. “Гэтая свечка мае свой канец, мяжу, калі проста спаліцца і згасне. Але мы верым, што кожная свечка запалена Богам”, - сказаў біскуп і дадаў, што чалавечае жыццё мае сэнс, бо кожнага чакае вечнасць. Як заўважыў іерарх, “чалавек не старэе, а проста набірае больш сталасці”.

Біскуп заахвоціў шматлікіх вернікаў, прысутных на літургіі, дзякаваць Богу за кожны пражыты дзень і за ўсё, што чалавек штодзень атрымлівае са шчодрай рукі самога Бога. Таксама іерарх заклікаў заўсёды імкнуцца прасіць прабачэння ў Бога, бо толькі тады, калі чалавек аддае сябе Божай ласцы, Бог дае яму новы, пусты ліст.

1 студзеня, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі падчас Імшы заахвоціў вернікаў “глядзець на тое, што стварыў Пан Бог, а не чалавечая рука, і дзякаваць Пану за прыгожы і дзівосны свет”. Нагадваючы, што 1 студзеня адзначаецца Сусветны дзень міру, іерарх дадаў, што свет прыгожы, нягледзячы на ўсе канфлікты і войны, бо яго стварыла рука Бога. Біскуп заклікаў будаваць мір найперш у саміх сабе, у ваіх сем’ях і асяроддзях, каб такім чынам спрыяць будаванню прыгажосці ў свеце. На ўзор св. Яна Паўла ІІ іерарх папрасіў удзельнікаў Імшы аб “міры, які нясе прабачэнне”, дадаўшы, што прабачэнне – адзіны шлях да міру.

 

Паводле Catholic.by