Skip to main content

Яшчэ адзін каталіцкі святар забіты ў Мексіцы

Цела выкрадзенага 22 снежня каталіцкага святара знойдзена ў мексіканскім штаце Герэра з куляй у галаве. Труп Грэгарыо Лопэза Гарасціета знойдзены недалёка ад вёскі Тлапэўала. Святар стаў ахвярай гвалту з боку наркагандляроў, піша L'Observatoire de la Christianophobie.

Выкраданне святара выклікала пратэсты сярод мясцовага насельніцтва. Каля 300 чалавек, у тым ліку 10 святароў, выйшлі на вуліцы Пунгарабато, у 20 км ад Тлапэўала, каб прасіць выкрадальнікаў пакінуць святара ў жывых. 

Грэгарыо Лопэза быў выкрадзены групай невядомых з семінарыі ў Пунгарабато. 

Штат Герэра, дзе размешчаны любімы турыстамі Акапулька, з'яўляецца адным з самых бедных штатаў Мексікі, і мае самы высокі паказчык па колькасці забойстваў у краіне. У канцы кастрычніка ў агульнай магіле ў вёсцы Акацітлан сярод 13 іншых трупаў было знойдзена цела святара з Уганды Джона Ссеніондо. Яго выкралі ў красавіку падчас служэння Імшы.

Паводле Седмица.RU