Skip to main content

На святы Божага Нараджэння біскуп Юзаф Станеўскі сустрэўся з вернікамі Ашмянскага дэканату

24-26 снежня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі сустрэўся з вернікамі Ашмянскага дэканату. Іерарх наведаў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, Найсвяцейшага Сэрца Езуса i Анёлаў Ахоўнікаў у Андажаве, Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках і Св. апостала Якуба ў Цудзенішках.

 

Біскуп узначаліў у парафіях Эўхарыстыю, маліўся разам з вернікамі, падзяліўся аплаткай і павіншаваў са святамі. 

У гаміліях іерарх нагадаў пра радасць, характэрную для святаў Божага Нараджэння. Біскуп адзначыў, што, незалежна ад таго, дзе чалавек жыве, ён павінен перажываць такую ж самую радасць, якую адчувалі пастухі ў ноч нараджэння Езуса Хрыста ў Бэтлееме. 

Іерарх заахвоціў вернікаў кожны дзень мець у сабе глыбокае прагненне ўпадабняцца Езусу Хрысту “ў Яго лагоднасці, служэнні і пакоры”. “У гэтыя святы трэба адчуць сябе Божым дзіцём, незалежна ад таго, якое ў цябе становішча або пасада. Толькі прымаючы паставу дзіцяці, можна адчуць і перажыць Нараджэнне Пана”, - падкрэсліў біскуп. 

Па словах іерарха, “трэба з новай моцай, новай радасцю і ўдзячнасцю наблізіцца да бэтлеемскай стайні, паглядзець на Езуса і падзякаваць Яму за радасць, за супакой у сэрцы, за супакой, які Ён прынёс у свет, за любоў, якую ад Яго адчуваем”. 

Біскуп нагадаў, што сучасныя хрысціяне павінны “з вялікай адвагай абвяшчаць людзям добрай волі аб Божым Нараджэнні, аб тым, што Бог пасярод нас”, а таксама дадаў, што жаданне ўсіх – каб “у нас не было дзіцячых дамой і дамоў састарэлых, але каб кожнага чалавека цанілі, паважалі і любілі”. 

Вернікі парафій, дзе пабываў іерарх у гэтыя дні, сустракалі яго з радасцю і ўзрушанасцю, бо, як сказалі самі, упершыню перажывалі святы Божага Нараджэння з удзелам біскупа. У сваю чаргу біскуп Юзаф Станеўскі, які біскупскім дэвізам абраў словы “Evangelii gaudium” (Радасць Евангелля), падчас сваіх візітаў у гэтыя парафіі дзяліўся радасцю Евангелля і абвяшчаў парафіянам, якія ў вялікай колькасці сабраліся ў святынях, аб нараджэнні Збаўцы. 

Кс. Юрый Марціновіч

 Паводле Catholic.by