Skip to main content

За апошнія 10 год колькасць каталікоў у Ісландыі павялічылася ў 3 разы

Каталіцкі Касцёл у Ісландыі актывізаваў развіццё ўласнай інфраструктуры. З'яўляюцца новыя парафіі, абмяркоўваюцца планы аб узнаўленні манаскага жыцця. Усё гэта звязана з ростам колькасці каталікоў у гэтай краіне.

Дзякуючы наплыву мігрантаў колькасць каталікоў падвоілася на працягу апошніх 10 гадоў. З 325 тыс. жыхароў вострава 13 тыс. чалавек з'яўляюцца каталікамі. Штогод, тут у сярэднім адбываецца 180 хрышчэнняў і ад 5 да 25 мясцовых лютэран прымае каталіцтва. 

Галоўным архітэктарам доўгатэрміновага развіцця Касцёла ў Ісландыі з'яўляецца ардынарый дыяцэзіі Рэйк'явіка, біскуп П'ер Бюршэр (Pierre Bürcher). У гэтых днях ён знаходзіцца ў Швейцарыі, адкуль ён родам, дзе шукае дапамогу для развіцця Касцёла на Поўначы. Ён, у прыватнасці, нагадаў, што ў час доўгай зімы камунікацыя на востраве ўскладненая. Таму неабходна ўзвесці новыя святыні. 

У верасні ў паселішчы Асбру адчыніўся касцёл ў гонар св. Яна Паўла II. У планах адкрыццё яшчэ дзвюх святыняў, рэкалекцыйнага дому, а таксама манастыра. Біскуп хоча аднавіць традыцыю манаства на востраве - перад Рэфармацыяй яна была вельмі жывая, у гэтых месцах  існавала 12 кляштараў. 

Біскуп Рэйк'явіка знайшоў ужо тэрыторыю для размяшчэння новага манастыра, а таксама спосаб на яго самафінансаванне. Цяпер шукае манаскую супольнасць, якая адважылася б размясціцца ў гэтай нардычнай краіне, дзе цяпер сонца ўстае пасля 11, а заходзіць пасля 15 гадзін дня.

Паводле Католик.ru