Skip to main content

“Упалі з грудзей Пана Бога, парваўшыся, пацеркі зор…”

Клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведалі дом-музей Максіма Багдановіча ў 123 гадавіну нараджэння вялікага беларускага паэта.

 

Кожны памятае з дзяцінства радкі: 

“І тчэ, забыўшыся, рука 

Заміж персідскага узора

Цвяток радзімы васілька” 

Гэтыя радкі цудоўнага беларускага паэта, публіцыста і аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы помніць хіба што кожны малады беларус са школьнай праграмы. Максім Багдановіч увайшоў у памяць кожнага не толькі неверагодна пяшчотнымі і прыгожымі вершамі, але і трагічным лёсам, які напаткаў песняра беларускай паэзіі. 

Група клерыкаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведала цікавае месца – амаль што калыску сучаснай беларускай літаратуры – дом-музей Максіма Багдановіча, дзе ён жыў з 1892 па 1896 год. Першыя гады свайго дзяцінства паэт правёў у Гродне. Можа, менавіта гэты горад так моцна паўплываў на Максіма і паспрыяў абуджэнню ў ім таленту, а таксама неверагоднай любові да Радзімы. 

Падчас экскурсіі клерыкі даведаліся не толькі аб фактах біяграфіі Максіма Багдановіча і яго сям’і, але і пра многіх сучаснікаў паэта – Цётку, Францішка Багушэвіча, Зоську Верас, а таксама пра суполку “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Таксама клерыкам расказалі аб дзейнасці першых беларускіх газет – “Нашай Нівы”, “Нашай Долі”, часопіса “Гоман”. 

Сапраўднае падарожжа ў пачатак ХХ стагоддзя чакала алюмнаў у гэтым доме-музеі. Напрыканцы клерыкі паслухалі “Паланэз” М. Агінскага і радкі з твораў маці Багдановіча – Марыі Апанасаўны, якія яна пісала менавіта ў гэтым доме. 

Ёсць ў музеі і абраз Маці Божай Вастрабрамскай, якую ўшаноўваў і любіў Максім Багдановіч і прасіў у яе аб апецы над роднай зямлёй, аб шчасці для беларусаў. Вельмі ўразілі радкі з цудоўнага верша класіка “Касцёл Св.Ганны ў Вільні”, у якіх паэту здаецца, што каля касцёла Св. Ганны могуць нават “сціхнуць сэрца раны” і “нікнуць сцені цяжкіх дум”, а таксама верш “Кніга” – як малітва, як гісторыя, як твор мастацтва: 

 

Псалтыр, пакрытую няжорсткай, бурай кожай 

Я ўзяў і срэбные засцёжкі адамкнуў 

Перачытаў рады кірыліцы прыгожай, 

І воску з ладанам прыемны пах пачуў. 

 

Вось псальма слічная: "Як той алень шукае 

Крыніцы чыстай, так шукаю Бога я". 

Як все свежасцю яе краса жывая! 

Як радасна ўсё дальш спяшыць душа мая!

(М. Багдановіч)

 

 Паводле wsd.grodnensis.by