6 снежня дзеткі дзятлаўскай парафіі ўшанавалі св. Мікалая. Святы біскуп Мікалай вельмі папулярны і вядомы ўсім. У Дзятлаве яго ўшаноўваюць асаблівым чынам – яго абраз знаходзіцца ў адным з бочных алтароў.
На жаль, гады атэізацыі і камуністычнага рэжыму сцерлі з нашай памяці постаць гэтага святога, які так моцна любіць дзяцей і штогод адорвае іх сваімі падарункамі.
Камуністы замянілі рэлігійнага Мікалая на Дзеда Мароза – выдуманага персанажа, а ўрачыстае святкаванне Хрыстовага Нараджэння – на сустрэчу Новага года. Аднак Мікалай – гэта гістарычная постаць, святы, які і сёння асаблівым чынам аберагае дзяцей.
Пасля св. Імшы парафіяне накіраваліся ў араторый, дзе іх чакала сапраўднае свята. Невялікі араторый не мог змясціць усіх дзяцей і іх бацькоў. Напачатку да прысутных звяруліся анёлы, якія нагадалі дзецям, хто такі св. Мікалай і ў чым сапраўдны сэнс святкавання Калядаў.
Пасля з’явіліся выдуманыя персанажы: Кузя-дамавёнак, які сімвалізаваў ляноту і абыякавасць і Баба Яга, якая увасабляла закаранеласць у грахах.
Спакушаючы дзяцей “цёмныя” персанажы жадалі заманіць іх на свой бок, аднак у іх нічога не атрымалася і тады яны вырашылі скрасці падарункі ў св. Мікалая.
Дзеці праз выпрабаванні адабралі падарункі, якія самі ж і атрымалі з рук святога біскупа.
Свята скончылася салодкім сталом і супольнымі забаўляльнымі гульнямі. Кс. Пробашч Здзіслаў Пікула SDB на самым канцы звярнуўся да сабраных з слоўкам на добрую ноч і ад усяго сэрца ўсіх паблагаславіў.
Паводле sdb by