Skip to main content

Літургічная служба алтара ў Шчучыне аднавіла міністранцкія абяцанні

23 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, міністранты парафіі Святой Тэрэзы ў Шчучыне (Гродзенская дыяцэзія) падчас Эўхарыстыі аднавілі свае абяцанні. Літургічная служба алтара ў шчучынскай парафіі носіць назву «Каласанс» ад імя заснавальніка ордэна піяраў, якія працуюць у парафіі — св. Юзафа Каласанса. У парафіі каля 30 міністрантаў, у асноўным вучні 5–11 класаў, але часта на нядзельных Імшах пры алтары служаць і студэнты.

 Па традыцыі ў апошнюю нядзелю літургічнага года ўсе міністранты пасля адпаведнай падрыхтоўкі атрымліваюць чарговыя ступені ў сваім служэнні, што мабілізуе маладых людзей да руплівай службы пры алтары.Таксама ў гэты дзень да служэння далучыліся сем новых кандыдатаў, якія да моманту атрымання звання міністранта будуць насіць адзнаку кандыдата — белую стужку праз левае плячо. 

 

Днём раней для парафіяльнай літургічнай службы алтара быў арганізаваны турнір настольнага тэнісу. Галоўнай узнагародай турніру была магчымасць удзелу ў спаборніцтвах такога тыпу, арганізаваных у іншых парафіях ці таксама дыяцэзіях.

Акрамя настольнага тэнісу, хлопцы маглі паспрабаваць свае здольнасці ў шахматах, кіданні дроцікаў і іншых спартыўных конкурсах. 

А. Віталій Слука SP  

Фота Дзмітрыя Дзікевіча