Skip to main content

Касцёл Гродзенскай дыяцэзіі ўзбагаціўся паслугай новых святароў

swiecenia-71Кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне пяці выпускнікам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. На ўрачыстасць, якая адбылася 8 лістапада ў Гродзенскай катэдры, прыбылі святары, выкладчыкі і выхавацелі ВДС, алюмны, манаскія сёстры, сем’і ксяндзоў новапрэзбітэраў, а таксама шматлікія вернікі.

Пасля прачытання Евангелля рэктар семінарыі, кс. Раман Рачко, прадставіў кандыдатаў і папрасіў удзяліць ім прэзбітэрскія пасвячэнні. 

Падчас гаміліі кс. бп. Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што святарства – гэта цудоўны, загадкавы дар, якім Бог адорвае не толькі самаго пакліканага, гэта дар для ўсяго Касцёла. 

“Сёння мы дзякуем Пану Богу за тое, што становіцца ўсё больш святароў, якія працуюць на ніве Пана. Іх пакліканне – гэта таксама плён малітваў вернікаў, сведчання і вернага трывання побач з Хрыстом”, - сказаў Гродзенскі ардынарый. 

Пастыр таксама звярнуўся да сабраных на Імшы вернікаў з просьбай падтрымліваць малітвай святароў, выпрошваць для іх вернасць Хрысту і стойкасць у служэнні Яму, асабістую святасць і святло Духа Святога ў душпастырскай працы. 

“Давайце даручым нашых братоў, якія прымаюць святарскія пасвячэнні, і іх будучую паслугу ў Хрыстовым касцёле мацярынскай апецы Марыі. Няхай Яна будзе для іх прыкладам на шляху да святасці і надзейнай заступніцай ва ўсіх цяжкасцях святарскага жыцця”, - сказаў кс. бп Аляксандр. 

Затым кандыдаты перад біскупам выразілі волю прыняць святарства разам з абавязкамі, якія з яго вынікаюць. На заканчэнне св. Імшы, кс. Аляксандр Сямінскі ад імя тых, хто прыняў пасвячэнні, падзякаваў Богу за дар паклікання, а таксама выказаў падзяку выхавацелям, духоўным айцам, бацькам, якія прымалі ўдзел у фармацыі і падрыхтоўцы новых святароў, давалі прыклад веры. 

Гродзенскі ардынарый таксама падзякаваў усім тым, хто дапамагаў новапрэзбітэрам распазнаваць сваё пакліканне. 

“Зерне Божага паклікання ўпала на ўрадлівую глебу і прынясло плён, бо гэтая глеба была падкормлена малітвамі, працай, выхаваннем – усім тым дабром, якое яны адчулі ў бацькоўскім доме. Дзякаю Вам за тое, што шануючы дар паклікання, аддалі сваіх сыноў на службу Богу і Яго люду”, - адзначыў іерарх. 

Звяртаючыся да нэапрэзбітэраў кс. бп. Аляксандр сказаў: “Раздзяляючы з вамі радасць сённяшняга дня, жадаю перш за ўсё моцнай веры, якая дапаможа пераадольваць усе цяжкасці, праблемы і выклікі душпастырскай працы. Памятайце, што служачы чалавеку, вы выконваеце місію самаго Хрыста. Гэта вялікая годнасць, але яна нясе за сабой вялікую адказнасць”. 

Пасля набажэнства бацькі, сябры, блізкія і парафіяне звярнуліся да новапасвечаных святароў з пажаданнямі быць сапраўднымі вучнямі Хрыста, весці людзей да Бога, быць моцнымі і годна выконваць сваю паслугу.  

Падрыхтавала Гражына Шалкевіч