Навошта і з якой мэтай Касцёл выкарыстоўвае сродкі сацыяльнай інфармацыі? Пра гэта распавёў ірландскі прэлат Пол Тай, сакратар Папскай рады па масавай камунікацыі, на сустрэчы ў Боне. Прыводзім вытрымкі з яго выступу:
Значэнне масавай камунікацыі
Калі мы задумваемся пра сувязі Касцёла з грамадскасцю, у першую чаргу мы ўяўляем вобраз, створаны ў газетах, на радыё, па тэлебачанні і гэтак далей. Людзі бачаць нашыя касцёлы, бальніцы, школы, і ствараюць сабе ўражанне пра Касцёл у цэлым. Такім чынам, нам варта больш уважліва ставіцца да таго, якую інфармацыю мы распаўсюджваем, наколькі мы адкрытыя грамадству. Калі мы пра нешта замоўчваем, то гэта ў першую чаргу стане вядомым.
Свет высокіх тэхналогій
Сапраўдная рэвалюцыя адбываецца не ў галіне тэхналогій, а ў сферы культуры, асабліва сярод моладзі. Сучасныя маладыя людзі выяўляюцца зусім інакш, па-іншаму разумеюць мастацтва і адносіны, іх уяўленне аб свеце ў цэлым іншае.
Касцёл павінен зразумець: працэс зменаў не спыніць. Мы не ведаем, якім будзе будучыня, але яе вызначаюць, у першую чаргу, маладыя людзі. Менавіта яны вырашаюць, што, напрыклад, Facebook гэта добра, а Snapchat - яшчэ лепш. Рэвалюцыя працягваецца, і мы павінны змяняцца разам з ёй. Нам да гэтага часу даводзіцца даказваць некаторым пажылым парафіянам і святарам, што віртуальны свет цесна звязаны з рэальным. І нам неабходна лічыцца з гэтым. На Сінодзе біскупаў, які прайшоў нядаўна, па пытаннях сям'і і шлюбу прагучала няправільнае сцверджанне: рэальныя адносіны ляжыць у аснове старэйшага пакалення сям'і, у той час, як дзеці аддаюць перавагу віртуальным. Усё не так проста. Віртуальнасць цалкам рэальная. Маладыя людзі, ды і не толькі яны, жывуць у дваістым свеце. Калі ім нешта трэба даведацца аб навакольным свеце, яны выкарыстоўваюць Google. Калі знаёмяцца ў сетцы з людзмі, гэтыя знаёмствы зусім рэальныя.
Вобраз Касцёла ў інтэрнэце
Дакладна і тое, што маладыя людзі ўсё больш часу праводзяць у інтэрнэце. І калі Касцёл адсутнічае ў глабальнай сетцы, то ён адсутнічае і ў іх жыцці. Пытанне ў тым, якім чынам нам варта прадставіць сябе? Нельга проста стварыць старонку ў Facebook і гэтым абмежавацца, усё далёка не так проста! Раней, калі місіянеры накіроўваліся ў чужыя краіны, яны стараліся даведацца пра мову і звычаі народа; так і сёння - у інтэрнэце нам неабходна асвоіць новую мову і правілы паводзін. Варта памятаць, што глабальная сетка - гэта не толькі сродак распаўсюджвання інфармацыі, але неад'емная частка сучаснага свету.
Першачарговай задачай вернікаў з'яўляецца неабходнасць «ачалавечыць» віртуальны свет: ён нашае тварэнне, і тое, як мы будзе паводзіць сябе ў блогах і каментарыях, паўплывае на ўсё: змест і культуру адносін у інтэрнэце.
Акрамя таго, каб несці сцяг веры, неабходна быць адкрытымі і сумленнымі з суразмоўцамі, ні ў якім разе не навязваючы сваё меркаванне. Толькі тады, калі мы выклікаем давер у людзей, да нашых слоў прыслухоўваюцца, і вера, якая складае радасць нашага жыцця, становіцца важнай для іх.
Стратэгія
Шмат хто з нас выраслі на друкаваных СМІ, радыё і тэлебачанні. Цяпер на першы план выходзіць мультымедыя, на што Касцёл і павінен арыентавацца. Добрыя журналісты і спікеры па-ранейшаму будуць запатрабаваныя, але мы павінны навучыцца аб'ядноўваць розныя спосабы перадачы інфармацыі разам. Такое асноўнае патрабаванне сучасных камунікацыйных тэхналогій. Акрамя таго, мы павінны памятаць, што вырашальнае слова застаецца за моладдзю. Касцёл павінен дазволіць маладому пакаленню кіраваць, весці нас у гэты новы свет, які нам яшчэ не належыць.
Шчырасць з глыбіні душы
Па-ранейшаму асноўнай задачай Касцёла з'яўляецца распаўсюджванне веры, зварот да людзей. Але цяпер кожны чалавек хоча атрымліваць інфармацыю толькі ад таго, каму ён давярае. Пытаючыся аб веры, ён хоча ведаць, якім ёсць той Бог, у якога ВЫ верыце? Ён хоча пачуць ВАШ уласны адказ, а не цытату з Катэхізіса. Гэта азначае, што вера, якую мы падзяляем, павінна сапраўды зыходзіць з глыбіні нашай душы, быць шчырай і пранікнёнай.
Калі вобраз Хрыста, што мы нясем у сваім сэрцы - простая фармальнасць, будзе вельмі складана перадаць яго іншым.
Паводле katolik.ru