Вышэйшая Духоўныя Семінарыя ў Гродне новы навучальны год распачынае з інаўгурацыйнай сустрэчы, якая сабрала ўвесь выкладчыцка-фармацыйны і студэнцкі састаў на чале з архіпастырамі і новапрызначаным рэктарам гэтай навучальнай установы - кс. д-рам Раманам Рачко. Семінарыйную супольнасць у гэты дзень наведалі таксама рэктар і намемнік рэктара Пінскай Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі, дэкан факультэту тэалогіі Люблінскага Каталіцкага Універсітэта, кс. праф. Міраслаў Каліноўскі і іншыя госці.
На самым пачатку з прывітальным словам да прысутных звярнуўся Яго Эксцэленцыя, кс. б-п Аляксандр Кашкевіч, цытуючы словы Папы Францішка нагадаў, што асновай Евангелізацыі, да якой рыхтуюцца юнакі, з'яўляецца "асабістая сустрэча з Хрыстом".
Ардынарый прывітаў новапрызначанага рэктара, а таксама выкладчыкаў і працаўнікоў, а асабліва: кс. Віктара Мыслюка і адказнага за гаспадарчыя справы, кс. Валерыя Аброшка, якія распачынаюць тут сваё служэнне. У сваю чаргу Гродзенскі біскуп падзякаваў за ахярную службу кс. Аляксандру Сасноўскаму і кс. Яну Радзюку. Звяртаючыся да клерыкаў, біскуп Аляксандр заахвоціў іх тут і цяпер будаваць трывалы фундамент да будучага святарства і пажадаў усім Божага блаславення ў новым акадэмічным годзе.
Пасля прамовы архіпастыра, кс. д-р Раман Рачко скіраваў да ўсіх сваё прывітанне і падзякаваў за аддануб працу і давер. Паводле традыцыі, кожную інаўгурацыйную сустрэчу суправаджае адчыненая навуковая лекцыя, якую гэтым разам правёў кс. праф. Міраслаў Каліноўскі на тэму "Служэнне жыццю ў кантэксце паліятыўна-хоспісавай апекі". Затым кс. прэфект Віталь Сідорка, зачытаў справаздачу з падзей, якія адбыліся ў 2013/2014 навучальным годзе.
Сёлета шэсць юнакоў з Гродзенскай дыяцэзіі сталі на шлях падрыхтоўкі да святарства і распачынаюць сямігадовы цыкл навучання. 4 кастрычніка асаблівы для іх дзень, таму што ўпершыню яны атрымалі свае першыя семінарыйныя заліковыя кніжкі і пачуліся паўнапраўнымі членамі супольнасці гэтай навучальнай установы.
Да семінарыйнай супольнасці таксама з цёплымі словамі звярнуўся таксама былы шматгадовы рэктар, кс. біскуп Юзаф Станеўскі заахвочваючы юнакоў спазнаць Бога менавіта ў гэтым месцы і пажадаў Божага благаслаўлення ў працэсе падрыхтоўкі да прыняцця сакраманту святарства.
Першая частка мерапрыемства, завершылася студэнцкай песняй "Gaudeamus Igitur".
Найважнейшым і апошнім пунктам інаўгурацыйнай праграмы была св. Імша, цэлебраваная ў катэдральным касцёле імя св. Францішка Ксаверыя, узначаленая кс. б-пам Аляксандрам Кашкевічам. Падчас набажэнства студэнты трэцяга курса першы раз у жыцці апранулі сутаны.
На дадзены момант у Гродзенскай духоўнай семінарыі навучаецца 33 алюмны з розных куткоў дыяцэзіі. За даволі працяглы час існавання (24 гады) семінарыю закончыла вялікая колькасць святароў, якія на дадзены момант прапаведуюць Евангелле не толькі ў Беларусі, але і ў блізкім і далёкім замежжы (Украіна, Расія, Казахстан, Літва, Латвія).