Skip to main content

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Святога Духа ў Гродне

rekalekcyi masty-4У нядзелю, 28 верасня ў новаўтворанай парафіі, што знаходзіцца ў новым мікрараёне горада, архіпастыр цэлебраваў Святую Імшу, а таксама маліўся разам з вернікамі аб атрыманні пляцу пад будову новай святыні.

 Перад набажэнствам мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча прывіталі дзеці. У адрас пастыра прагучала шмат цёплых слоў, маленькія вернікі між іншым падзякавалі арцыбіскупу за тое, што знайшоў час, каб наведаць маладую парафію і падарыць радасць супольнай малітвы. 

rekalekcyi masty-3

У сваю чаргу абп Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных з гаміліяй, заахвоціў вернікаў заўсёды браць адказнасць за свае словы і ўчынкі. 

- Прыказка кажа, што абяцанкі – гэта цацанкі. Але ў жыцці лічацца не словы, а справы. Чалавека, які толькі хваліцца і шмат гаворыць, але нічога не робіць, не паважаюць, - падкрэсліў іерарх. - Трэба таксама не забывацца пра тое, што чалавек веруючы, сапраўдны хрысціянін абавязаны жыць паводле Божага закону. Абп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што ў сучасным свеце людзі не імкнуцца захоўваць Божыя запаведзі, нармальнай з’явай лічыцца сужэнская нявернасць, аборты, наркаманія і п'янства.., а ўсё гэта з’яўляецца праявай адмаўлення ад абяцанняў дадзеных Богу. 

Іерах таксама падкрэсліў, што вернікі Альшанкі і Фабрычнага, якія кожную нядзелю збіраюцца на малітву пад адкрытым небам, не маючы святыні, з’яўляюцца сапраўднымі жывымі сведкамі веры. 

rekalekcyi masty-5- Гэтыя людзі самыя з’яўляюцца Касцёлам, яны дэманструюць жывую веру, дзякуючы якой, становяцца сапраўднымі сведкамі Езуса Хрыста, - зазначыў архіпастыр. 

Абп Тадэвуш Кандрусевіч таксама заахвоціў прысутных нястомна маліцца аб атрыманні пляцу і хуткай пабудове парафіяльнай святыні, а кс. Паўлу Салабудзе, пробашчу парафіі, пажадаў моцы і вытрымкі ў гэтай нялёгкай справе. 

Пасля Эўхарыстыі вернікі павіншавалі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з юбілеем 25-годдзя біскупскага служэння і паабяцалі, што заўсёды будуць памятаць ў сваіх малітвах пра свайго арцыпастыра.

Гражына Шалкевіч