Skip to main content

XXVI Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

Сённяшняе другое чытанне – з паслання Святога Апостала Паўла да Філіпянаў – гэта адзін з самых маіх любімых урыўкаў Святога Пісання. Таму прабачце, што сёння звернем увагу менавіта на яго, а не на ўрывак з Евангелля.

Заўсёды, калі чытаю пачатак 2 раздзелу паслання да Філіпійцаў –  ўсё больш дзякую і праслаўляю Хрыста за Яго прыняцце постаці слугі. Вельмі важна, калі мы разважаем над Словам Божым, уважліва яго чытаць, некалькі разоў, не спяшаючыся. Некаторыя біблісты нават прапануюць перапісванне тэксту, каб ні адно слова не ўцякло ад нашай ўвагі. Гэта вельмі добры спосаб, каб прачуць сэрцам Божае слова, каб яно стала маім.  

Святы Павел дае нам прыклад таго, ад чаго радуецца яго сэрца – “Каб вы думалі тое самае, мелі тую самую любоў, былі аднадушнымі і аднадумцамі. Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых”.

Добра будзе, калі запытаем саміх сябе: а ад чаго радуецца маё сэрца, што з’яўляецца крыніцай радасці для мяне? Ці ўмею я цешыцца, калі ў кагосьці атрымліваецца лепш, чым у мяне? Ці не думаю толькі аб сваіх справах? Ці найперш дапамагаю іншым, а потым дбаю пра сябе?

 

Святы Павел заклікае нас не толькі наслядоўваць Хрыста ўчынкамі, але просіць нас, каб мы думалі, як Хрыстос: “няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе”, а менавіта прыняць паставу слугі - служэння другому чалавеку. Бо Хай усё нашае жыццё будзе праслаўленнем Айца за дар стварэння і адкуплення, няхай Дух Святы дапамагае нам адчуваць прысутнасць Бога ва ўсім, што нас спатыкае ў жыцці і вучыць паставы служэння.