Skip to main content

"У новы навучальны год разам з Маці Божай": адбылася пілігрымка ў Капцёўку

kapciouka-32Марыя была пад крыжам Езуса да канца. Пад крыжам Яна прыняла кожнага з нас, нашае жыццё і гісторыю да свайго мацярынскага сэрца. Марыя, наша нябесная маці, разумее ўсе нашыя змаганні, упадкі, цяжары і пошукі ў жыцці. Яна кожны дзень з верай і чуласцю стаіць пад крыжам кожнага з нас.

Любячы сын часам не гаворыць сваёй маці аб цяжкай хваробе, або найцяжэйшай справе, каб матуля не турбавалася. Нашай нябеснай Маці мы можам сказаць усё, што ляжыць у нас на сэрцы. Марыя з’яўляецца Матуляй, якая вядзе нас да Бога праз смерць, праз крыж.

Традыцыйна на пачатку навучальнага года клерыкі ВДС у Гродне, а таксама дзеці і моладзь разам са сваімі бацькамі, катэхетамі і душпастырамі прымалі ўдзел у пешай пілігрымцы да Маці Божай Яснагурскай, што на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы, каб прасіць аб апецы Панны Марыі і аб Божым благаслаўленні ў вучобе. Пілігрымка распачалася ранішняй Эўхарыстыяй у касцёле Маці Божай Анёльскай, якую цэлебраваў ксёндз Міхал Ластоўскі.

На пачатку шляху ўсіх пілігрымаў прывітаў і паблагаславіў біскуп Аляксандр Кашкевіч, а пасля невялікі кавалак дарогі раздзяліў з вернікамі. У Капцёўцы пілігрымаў вітаў кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі. Пасля кароткага адпачынку ўсе пілігрымы сабраліся ў святыні на супольны Вяночак да Божай Міласэрнасці, які правёў кс. Ежы Левінскі. Урачыстую літургію ўзначаліў ксёндз Юрый Марціновіч.  

У гаміліі кс. Юрый зазначыў, што усё сваё жыццё чалавек чамусьці вучыцца. Дзеці вучацца пісаць у школе, моладзь вучыцца, каб атрымаць адукацыю і прафесію, старэйшыя людзі таксама вучацца, пазнаючы штосьці новае, каб не стаяць на месцы.

“Ёсць яшчэ адна школа – школа Хрыста, да якой мы былі прыняты падчас уласнага хросту. У гэтую школу ходзяць усе. Святыя – гэта настаўнікі гэтай школы, гледзячы на жыццё якіх мы стараемся іх наследваць. Галоўнай кнігай з’яўляецца Біблія. Правілы, якія мы павінны захоўваць – гэта Божыя наказы. Ходзячы ў школу Хрыста, мы пазнаем Праўду... “Выпускны бал” будзе пасля нашай смерці, калі мы залічым апошні экзамен на судзе Божым.” 

Пасля святой Імшы адбылася другая частка сустрэчы. Кожная парафія мела магчымасць прэзентацыі сваёй групы, пасля адбыўся канцэрт новага гурта “Open” і адноўленага семінарыйнага гурта "Ave".

Дзякую Табе, Езу, што даў мне Марыю як маці маёй веры. Дзякую Табе, Марыя, што кожны дзень Ты апякуешся мною, дапамагаеш у маіх змаганнях і цярпеннях.

Маці Божая Яснагурская, церпяліва нас слухаючая, маліся за нас!

Кл. Раман Вайцяховіч