На апошнія выходныя лета на запрашэнне Аддзела каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай біскупскай курыі, ў Шчучыне сабраліся свецкія катэхэты Гродзенскай дыяцэзіі, каб перажыць рэкалекцыі і духоўна падрыхтавацца да новага катэхэтычнага года. Узначаліў духоўныя практыкаванні а. Андрэй Урублеўскі CSsR. Тэма рэкалекцый “Прабуджэнне” была выбрана невыпадкова.
Кожны дзень нашых рэкалекцый быў напоўнены глыбокай малітвай і Св. Імшой, разважаннем над Цярпеннем Хрыста, а таксама канферэнцыямі айца-рэкалекцыяніста, якія насілі як тэарэтычны, так і практычны характар.
У першы дзень айцец прыгадаў для нас асноўныя аспекты першай апостальскай адгартацыі Папы Францішка «Evangelii gaudium» (Радасць Евангелля). Асноўная думка была скіравана на тое, што радасць Евангелля напаўняе сэрца і жыццё ўсіх, хто сустракаецца з Езусам, а катэхэт – гэта менавіта той, хто нясе жывое слова Хрыста, з’яўляецца сведкам і Яго сябрам. Усё гэта становіцца немагчымым без прысутнасці Святога Духа, які распальвае ў нашых сэрцах гарачую любоў да Езуса.
Пасля абеду нас чакала сапраўдная “бура мазгоў” на тэму загубленага дзяцінства. Праца ў групах і канферэнцыя дапамаглі нам выявіць вялікую колькасць негатыўнай інфармацыі, якую нясуць у сабе сучасныя дзіцячыя часопісы, мультфільмы і камп’ютэрныя гульні, а таксама зразумець, чаму так часта адмоўныя персанажы з’яўляюцца сапраўднымі героямі для нашых дзяцей. Усе разам мы шукалі спосабы вырашэння гэтых актуальных праблем, каб штодзённае жыццё нашых дзяцей было напоўнена дабром і светлымі фарбамі, а супергероем для іх быў Езус Хрыстус.
У другой палове дня вялікая ўвага была нададзена разважанню над асобай Панны Марыі, нашай Найсвяцейшай Маці, якая заўсёды выслухоўвае нашыя просьбы і з’яўляецца для нас прыкладам чысціні і глыбокай веры.
У часе рэкалекцый катэхэты мелі магчымасць паразмаўляць і абмеркаваць хвалюючыя пытанні, а таксама падзяліцца жыццёвымі парадамі.
Хацелася б зазначыць, што самым незвычайным момантам стала адарацыя Нацсвяцейшага Сакрамэнту, якая трывала праз усю ноч, на працягу якой Пан Езус ні на хвіліну не заставаўся адзін. Кожны з нас атрымаў паў гадзіны для таго, каб пабыць сам-насам з Валадаром свайго сэрца. Адарацыя скончылася а 7 гадзіне раніцы, пасля чаго ўсе разам праспявалі Гадзінкі аб Беззаганным Пачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.
Рэкалекцыі завяршыліся ў нядзелю набажэнствам да Святога Духа і супольнай Эўхарыстыяй, падчас якой мы дзякавалі за праведзены разам час і шчыра маліліся аб Божым благаслаўленні і мужнасці, каб штодзённа несці Святло Евангелля.
Ілона Урбановіч