Skip to main content

Прэзідэнт Сусветнага Габрэйскага Кангрэса: "Хто заступіцца за хрысціянаў?"

Хто заступіцца за хрысціянаў? Чаму свет маўчыць, калі ўчыняюцца масавыя жорсткія забойствы на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы? У Еўропе і ЗША праходзяць дэманстрацыі з-за трагічных смерцяў Палестынцаў, выкарыстаных у якасці жывога шчыта тэрарыстычнай арганізацыяй, якая кантралюе сектар Газа - Хамасам.

ААН праводзіць раследванні і напраўляе свой гнеў на Ізраіль з-за таго, што апошні бароніцца ад таго ж Хамаса. Аднак варварскія забойствы многіх тысяч хрысціянаў нікога не хвалююць.

Блізкі Усход і часткі цэнтральнай Афрыкі поўнасцю пазбавіліся хрысціянскіх супольнасцей, якія тут вякамі існавалі ў супакоі. Тэрарыстычная групоўка Бока Харам напала і пазабівала сотні хрысціянаў у гэтым годзе - так, некалькі тыдняў таму знішчылі горад Гвоза ў Нігерыйскім штаце Борна. Паўмільёна арабаў-хрысціянаў былі вымушаны пакінуць Сірыю з-за грамадзянскай вайны, якая цягнецца некалькіх апошніх гадоў. Хрысціяне пераследуюцца і гінуць ад рук ісламскіх фундаменталістаў ад Лівана да Судана.

Гісторыкі, зазіраючы ў мінулае, могуць здзівіцца, што людзі згубілі ўсё, што мелі. Некалькі рэпарцёраў, вандруючы па Іраку, былі сведкамі нацызмупадобнай хвалі тэрору, якая ахапіла ўсю краіну. ААН не надае гэтаму ўвагі і ў асноўным адмоўчваецца. Міжнародныя лідэры, выдаецца, праглынулі гэтыя падзеі разам з іншымі справамі ў гэты дзіўны летні час 2014 года. Больш няма флатылій, якія накіроўваюцца ў Сірыю ці Ірак. А што наконт прыгожых поп-зорак і сталеючых рок-музыкаў – чаму б не задзейнічаць іх сацыяльны патэнцыял?

Прэзідэнт Абама загадаў зрабіць нешта "накшталт" авіяналётаў, каб уратаваць дзясяткі тысяч язідаў, якія вызнаюць старажытную рэлігію і схаваліся ў гарах паўночнага Ірака, акружаныя ісламскімі суніцкімі ваяўнікамі. Шкада аднак, але аднымі толькі паветранымі налётамі не стрымаць гэту жахлівую хвалю, якая накрыла ўсю тэрыторыю.

Ісламская дзяржава Ірака і Сірыі - гэта не раздробленая кааліцыя джыхадзісцкіх груповак, але сапраўдная вайсковая адзінка, якая ў стане захапіць увесь Ірак. Яна нясе халодны подых смерці, засвойваючы паспяховую прадпрымальніцкую мадэль: грошы з захопленых банкаў і ювелірных крамаў, кантраляванне нафтавых рэсурсаў і зусім не новай з’явы – вымагальніцтва, усё дзеля фінансавання сваёй машыны для забойстваў. Такая бізнэс-мадэль робіць гэту ісламскую тэрарыстычную групоўку найбагацейшай у свеце, пераўзыходзячую ўсе магчымыя межы па жорсткасці забойстваў шыітаў, курдаў і хрысціян.

“Яны цяпер абезгалоўліваюць дзяцей і нанізваюць іх галовы на кіі” – распавёў тэлекампаніі СNN Марк Араба, хрысціянін халдэйскага абраду, аб жахлівых сцэнах у парку горада Масул. “Вялікая колькасць дзяцей была абезгалоўленая, маці згвалтаваныя і закатаваныя, а айцы павешаныя”. У гэтыя дні 200 000 арамеян уцяклі са сваёй гістарычнай бацькаўшчыны, Ніневіі, якім з’яўляецца сучасны Масул.

Агульная абыякавасць да вышэйпрадстаўленых тэрарыстаў, з іх масавымі забойствамі хрысціянаў і іх "асаблівай" заклапочанасцю адносна Ізраіля з’яўляецца чымсьці агідным.

Рональд С. Лодэр, прэзідэнт Сусветнага Габрэйскага Кангрэса
Паводле The New York Times

Пераклад кс. Ю. Жэгарын