З 8 па 10 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы сем'яў у Тракелях прайшлі рэкалекцыі пад кіраўніцтвам кс. Віктара Ханько з Мастоў. На гэтыя рэкалекцыі прыехалі мужчыны з розных месцаў не толькі нашай дыяцэзіі, але і ўсёй Беларусі.
У асноўным сабраліся ўдзельнікі руху "Мужчыны св. Юзафа" з Гродна, Ліды, Мінска, а таксама з Віцебска, Свіслачы і Шчучына. Агульным лікам нас было 22 асобы. Гэта, хіба што, няшмат, але атмасфера атрымалася сяброўская, сямейная, мы адчувалі сябе братамі. Мы вельмі хутка пасябравалі, бо нас аб'яднала жаданне лепшага пазнання Бога.
На пачатку нас папрасілі падзяліцца тым, дзеля чаго мы прыехалі і чаго мы чакаем. Вось некаторыя адказы:
Эдуард: "Хачу атрымаць нешта новае ў адносінах з Богам. Пастарацца даведацца, чаго ад мяне хоча Госпад. Проста застацца з Богам сам-насам".
Сцяпан: "Адкрыцца Богу. Хачу быць такім, якім быў св. Юзаф".
Улад: "Стаць дасканалым мужчынай.Сапраўдным хрысціянінам, Божым чалавекам".
Валянцін: "Атрымаць адказы на пытанні".
Сяргей: "Асаблівых жаданняў няма, таму што так можна расчаравацца. Хачу паглядзець на іншых мужчын у касцёле. Якія яны, мужчыны-хрысціяне. Мне не хапае адносінаў з татам, і тут, на асабістых сведчаннях і ў малітвах я хачу зразумець гэта і прыняць".
Дзяніс: "Не было ніякіх чаканняў. Я нават не хацеў сюды ехаць. Проста вырашыў паглядзець, што з сябе ўяўляе мужчына-хрысціянін".
Кс. Віктар: "Добрых вынікаў, каб Госпад наблізіў да сябе гэтых мужчын".
Я асабіста хацеў, каб Бог абудзіў ува мне смагу, узмацніў маю веру і даў мне сілы ў супрацьстаянні граху і маім слабасцям.
Дык што ж гэта былі за рэкалекцыі?
Падчас гэтых трох дзён мы праслухалі 4 канферэнцыі, прысвечаныя любові Бога, збаўленні ў Хрысце, ролі Святога Духа і Божай Маці ў нашым духоўным жыцці, прыкладзе св. Юзафа. Штодзённа мы ўдзельнічалі ў св. Імшы, Адарацыі, працавалі ў групах.
Атмасфера - гэта штосьці неверагоднае. Дарослыя мужчыны розных узростаў, прафесій і зацікаўленайсцей, рознага сямейнага стану. Усе разам маліліся, спявалі, разважалі над Божым словам і дзяліліся самымі патаемнымі перажываннямі і сведчаннямі са свайго жыцця. Тут адчувалася Божая прысутнасць, панавала братняя любоў і пашана адзін да аднаго. Кожную хвіліну адчувалася ўзаемная падтрымка, якая так неабходна ў жыцці. Не было тут месца для нецэнзурных словаў, непрыстойных жартаў, якія так часта можна пачуць у мужчынскіх кампаніях.
Кожны мужчына перажыў штосьці новае ў адносінах з Богам, многія атрымалі адказы на свае пытанні. З рэкалекцый кожны паехаў адноўленым, больш свабодным, некаторыя атрымалі "вылечванне" сваіх адносін з бацькам.
Я ж перажыў новыя адносіны з Айцом, Езусам і Святым Духам. Госпад дапамог мне падняць з глыбіняў майго сэрца праблемы і слабасці. Госпад паказаў мне, як дзейнічаць далей. Ён абнавіў мае адносіны з сям'ёй, я паглядзеў на яе па-новаму (Як я не заўважаў той цуд, які даў мне Бог?!)
Я зноў прыняў Езуса Хрыста як свайго Госпада, перажыў Яго дотык і Яго прысутнасць у нашых малітвах. І, прызнаюся, у нейкі момант я заплакаў, і з гэтымі слязьмі з мяне выходзіла ўсё нячыстае, што было ўва мне, і вызваліла месца ў маёй душы для Госпада. Гэта былі слёзы пакаяння і радасці, што Бог побач і адказвае на мае малітвы. Такія моманты перажылі многія.
Таксама на гэтых рэкалекцыях я убачыў жывых, шчырых мужчын-хрысціян, якія не саромеюцца сваёй веры, любові да Госпада. Я сапраўды радаваўся, што ў мяне ёсць такія браты ў Хрысце.
У канцы я хачу ад усёй душы падзякаваць кс. Віктару за гэтыя рэкалекцыі, за яго сапраўдную бацькоўскую апеку, шчырую малітву за нас і нашыя сем'і, за яго любоў да нас. І усім тым, хто разам са мной перажыў гэты благаслаўлёны час - дзякую!
Анатоль Канарскі