З1 жніўня – 1 ліпеня назарэтанкі святкавалі 71-ю гадавіну мучаніцкай смерці с. Стэлы і яе дзесяці паплечніц. Урачыстасці распачаліся св. Імшой на месцы расстрэлу благаслаўлёных, якую ўзначаліў кс. біскуп Юзаф Станеўскі. Гамілію прамовіў пінскі ардынарый кс. біскуп Антоні Дзям’янка.
На літургіі прысутнічала больш за 150 чалавек, сярод якіх 47 - пілігрымы, якія прыбылі з пятай пешай пілігрымкай Гродна-Навагрудак.
Пазней гурт “РЫБЫ” даў невялічкі канцэрт праслаўлення. Традыцыйна падчас спеваў удзельнікі давалі сведчанні. Пасля “РЫБаў” адбылася каферэнцыя а. Вячаслава Пялінка пад назвай “Звычайная Святасць”. Святар звярнуў увагу на “прыбіранне святых”, альбо ідэалізацыю сваіх апекуноў i падкрэсліў факт, што “мы аздабляем нашых святых так, што яны падаюцца амаль лепшымі за Езуса”. “Хрыстос у момант смерці і той плакаў і звяртаўся да Айца: “Чаму ты мяне заставіў?”, а мы кажам, што нашыя святыя з радасцю паміралі”, - дадаў а. Вячаслаў. Святар з Глыбокага сказаў, што наш боль мусіць быць болем жанчыны, якая мае нарадзіць, бо тая нараджае і ўжо больш ня мае гэтага болю. “Кожны праўдзівы боль ператворыцца ў радасць”, - сказаў той.
Падсумоўваючы, а. Вячаслаў сказаў, што “трэба не бічавацца паслухмянасцю, але наследваць паслухмянага Хрыста. Мы праслаўляем благаслаўлёных сясцёр не за тое, што яны былі ідэальныя, бо яны такія не былі. Яны з’яўляюцца прыкладам наследвання Хрыста, прыкладам нараджэння, a не мучання сябе”.
Адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту правёў гурт “РЫБЫ”. Пасля адарацыі адбыўся паказ фільму пра дзейнасць сясцёр назарэтанак у Навагрудку. Урачыстую св. Імшу, якая пачалася ў прыкладны час расстрэлу благаслаўлёных назарэтанак, узначаліў пінскі ардынарый кс. біскуп Антоні Дзям’янка. Падчас гаміліі іерарх звярнуў увагу на прастату вялікага ўчынку сясцёр. Ён падкрэсліў тое, што “мы маем вялікі гонар мець сваіх благаслаўлёных у дыяцэзіі”.
Арцём Ткачук