Пілігрымка ў Навагрудак збліжаецца да сваёй кульмінацыі. Разважанні над Словам Божым робяцца карацейшымі, хоць не азначае гэта, што яны робяцца больш плыткімі. Складваецца пачуццё, што ўнутры ў кожнага нешта адбываецца. Пакуль цяжка сказаць што, але не будзем лішне марудзіць. Пілігрымка ідзе поўным ходам. Падаецца, што кожнага ўдзельніка ўжо ведаеш шмат гадоў. Толькі расповеды пра сябе нагадваюць, што, ў прынцыпе, мы мала ведаем адзін аднаго. Аднак, напэўна, гэта не так важна. Той, хто хадзіў хоць раз у пілігрымку, ведае аб чым я. Пазней, калі спатыкаеш свайго старога брата-пілігрыма, табе хочацац яго ўсціснуць і пацалаваць як вельмі дарагога чалавека, аднак у цэлым ты нават не ведаеш, пра што з ім пагаманіць і, часта, не памятаеш яго імя.
Назарэтанкі. У гэтай пілігрымцы адкрыў, што асабіста мне прыемней называць іх жанчынамі чым сёстрамі. Слова сястра пазбаўляе іх нейкай жаночасці, ласкі, непаўторнасці і нават прыгажосці. Таму я цяпер па-ціхаму называю іх "пабожныя жанчыны з Ордэну назарэтанак". Так для мяне гучыць прыгажэй і далікатней. Толькі тсс! Нікому пра гэта не кажыце – гэта наш сакрэт.
Людзі. Амаль кожны ў гэтай пілігрымцы трапіў сюды выпадкова. У сэнсе людзі, якія тут ідуць, яны далучыліся да пілігрымкі не з-за вялікай любові да благаслаўлёных сясцёр, але таму, што проста хацелі пайсці ў пілігрымку. Нас мала, але кожны тут па-свойму непаўторны. Вечаровая развага над Божым Словам гэта пацвярджае.
Так шмат незвычайных людзей у адным месцы – проста раскоша. Перад пілігрымкай мы шмат пісалі пра тое, што цуды будуць. Думаю, найвялікшым цудам з’яўляецца тое, што ніхто тут цудаў не чакае (так падаецца). Яны тут проста непатрэбныя. Божая ласка настолькі пранікае тутэйшую рэчаіснасць, што кожны цуд тут прымаецца як дадзенасць.
Застаецца два дні. Пасля пачнецца сапраўдная пілігрымка. Але няхай пасля будзе пасля.
Арцём Ткачук