Skip to main content

Маё чарговае разважанне пра рэкалекцыі

Я згодзен! Артыкулы пра рэкалекцыі сумныя і нецікавыя. У іх заўсёды пішуць пра вялікую колькасць канферэнцый, малітваў і што ўсё было цудоўна і прыгожа. Нуднейшага артыкула i быць не можа. Мала таго, што разважанні заўсёды такімі атрымоўваюцца, дык яшчэ і пра мерапрыемства, падчас якога амаль што нічога займальнага не адбываецца.

З 11 ліпеня я ўдзельнічаў у рэкалекцыях "Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі" у Воршы.  Гэтыя рэкалекцыя харызматычныя і большасць рэчаў, з якімі нашым каталікам баязліва сустракацца, там былі: малітва праслаўлення, медытацыя, вулічная евангелізацыя. Але спачатку не аб гэтым.

Сажалка

У Воршы, каля рэкалекцыйнага дома, ёсць вельмі прыгожая сажалка. Там увогуле вельмі выдатна ўладкаваны ландшафт, але я хачу распавесці менавіта пра сажалку.1
Можа падацца, што каля яе і адбывалася большасць падзей у гэтай школе, бо адразу ў вольную хвілінку мы ішлі на свежае паветра. Таксама каля яе мы гулялі ў валейбол, збіраліся на лаўках на размовы, а хтосьці падымаўся вельмі рана і ішоў глядзець на тое, як расчыняюцца гарлачыкі. А мне больш спадабалася карміць карасікаў, якіх хтосьці запусціў у гэтую сажалку, пры тым, што яны там сябе вельмі добра адчуваюць. Мне здаецца, што даўным-даўно, калі людзі не ўмелі рыбачыць, рыбы ў рэках было столькі ж, колькі ў гэтай сажалцы. Яны цэлы батон здольны з’есці за паў гадзіны.
Пачынаю з яе, бо такой прыгажосці даўно не бычыў, бо дапамагла звярнуць увагу на цуды вакол сябе, а не на нейкую там духоўную барацьбу.

Раніца

Абуджэнне ў першы дзень школы адбылося ў 07.30, і мне падалося гэта вельмі добрым, бо быў час нармальна адпачыць. Але, напрыканцы таго ж самага першага дня, я пачуў, што людзі вельмі хочуць ранішнюю зарадку і таму, трэба будзе ўставаць на паў гадзіны раней. Вядома, усё было свабодна: хто хоча, той ідзе бегаць, а хто думаў паспаць, таго не чапалі. Я пабег і не пашкадаваў, бо ўвесь дзень і, асабліва медытацыя, прайшлі без адцення сну.2
Прышпільна было тады, калі кожны вырашаў: ісці яму на зарадку ці не, ведаўшы, што цёплай вады ўжо няма, бо на чацвёрты дзень штосьці здарылася з бойлерам. І вось гэта была ўжо не проста фіззарадка, гэта было пытанне выхавання характару.
Наконт медытацый: пазнаёміліся з рознымі выглядамі хрысціянскай медытацыі - медытацыі, у якой сустракаецца чалавек і Бог, а не нейкая там энергія.

Малітва праслаўлення

Пасля некалькіх размоў з рознымі каталікамі склалася ўражанне, што малітва праслаўлення - гэта абавязковы атрыбут сектанцкіх ці пратэстанскіх груп, але ніяк не каталіцкіх. Дадзенае меркаванне можа існаваць, але яно не зусім праўдзівае. І каталікі выкарыстоўваюць дадзеную форму малітвы.4
Гэтая малітва - адзін з самых вострых пунктаў у плане, для некаторых вернікаў гэты пункт стаў адзінай прычынай, чаму яны сюды не прыязджаюць, альбо прыязджаюць. Але большасць людзей, хто не першы раз, вельмі спакойна да гэтага ставіцца, бо гэта малітва ў свабодзе. Іншымі словамі, форма малітвы тут не адыгрывае галоўнай ролі, галоўнае - змест. Калі хочаш, можаш маліцца стоячы, седзячы, на каленях, альбо нават танцуючы, - як хочаш, але галоўнае, каб у гэтым была любоў да Бога.
Было так, што мне на малітве праслаўлення не хацелася нават галавы падняць, бо так дрэнна было. Езус паказаў тады мой грэх. Было і так, што паўтары гадзіны танцаваў. Езус, мне здаецца, і тады быў побач. Але найгоршая малітва была, калі я ўглядаўся ў іншых. Бо тады, гэта ўжо не малітва, а кірмаш, тады любові да Бога няма, а толькі да сябе.

Вулічная евангелізацыя

Гэта быў восьмы дзень нашых рэкалекцый. Да гэтага моманту я лічыў, што ў Беларусі няма людзей, якія не чулі пра Езуса. Мы такіх сустрэлі. Сустракаліся нам людзі розныя, пры тым, што былі сярод іх і тыя, хто з вялікай ахвотай слухаў нашы аповеды пра Езуса і сведчанні аб тым, што Ён жывы. 5
Мы спрабавалі дзяліцца самым каштоўным, што ў нас ёсць: верай у Хрыста. Атрымоўвалася не заўсёды, але гэта быў цікавы досвед.

Пустыня

Яшчэ адна цікавая рэч у плане рэкалекцый. Пустыня – гэта час для Бога. Яна цягнулася восемь гадзін, падчас якіх нельга было размаўляць, чытаць і адмаўляць ружанец. Гадзіны на тое, каб быць з Ім сам-насам.3

Праз тыдзень

Чуў, што для большасці вернікаў рэкалекцыі - як абязбольнае альбо палявы шпіталь. З нейкага боку гэта так. Школа, як звычайныя рэкалекцыі, мае такі эфект, але ў яе мэта іншая: давесці верніка да сапраўднага хрысціянскага жыцця.
Таму пасля гэтых рэкалекцый мне рэдка становіцца лягчэй ў жыцці, вось толькі надзеі і любові робіцца больш.6

Вова Крупенка