Другі дзень рэкалекцый па распазанні паклікання распачаўся як звычайна - з ранішняй малітвы. Пасля снедання ўсе накіраваліся у санктуарый Маці Божай Яснагорскай у Капцёўцы, дзе хлопцы прынялі ўдзел у Крыжовым шляху, які правёў прэфект семінарыі кс. Віталій Сідорка, а таксама ў святой Імшы, якую цэлебраваў рэктар нашай семінарыі кс. біскуп Юзаф Станеўскі.
“Не вы мяне выбралі, але Я выбраў вас...” – гэтымі словамі распачаў гамілію біскуп. “ Калі мы хочам больш пазнаць Пана, то трэба быць чалавекам малітвы, бо толькі праз малітву мы пазнаем Бога. Трэба зрабіць пастанову, каб быў час на асабістую малітву, на размову з Панам. Трэба пастарацца знайсці хвіліну на роздум аб Божай любові ў сваім жыцці... Адкрыйце сэрцы на Хрыста! Жывіце словам Божым! Сённяшні свет патрабуе сведкаў Хрыста, якія скажуць пра сапраўдную Радасць... Прасіце Маці Божую, каб Яна ўзяла вас пад сваю апеку”, – шчыра казаў іерарх.
Таксама ён заахвоціў юнакоў, каб тыя зрабілі сабе пастанову: кожны дзень прысвяціць 10 хвілін на асабістую малітву, размову сам на сам з Езусам.
Пасля абеду хлопцы мелі час на спартыўныя гульні. Потым усе сабраліся на супольную малітву і канферэнцыю, якую прыгатаваў кс. Валеры Быкоўскі. Пасля былі спатканні ў групах, якія правялі клерыкі. Спатканне мела тэму "Маліцца ўсім сваім жыццём". Клерыкі дзяліліся і разважалі аб малітве ў сваім жыцці, кожны меў магчымасць выказацца.
Урэшце ўсе групы сабраліся ў агульнай зале, каб падвесці вынікі. Некаторыя прыгатавалі малюнкі і "тэатральныя" пастаноўкі. Апошнім пунктам была адарацыя св. Крыжа, на якую ўсе прыйшлі ў семінарыйны вячэрнік.
Запрашаем да прагляду здымкаў.
кл. Раман Вайцяховіч