Пакліканне – гэта твой персанальны сэнс жыцця, ператвораны ў практычную мэту, яно з’яўляецца адказам на голас Езуса. Усе мы – пакліканыя, бо кожнаму з нас Бог прызначыў нейкае сваё заданне ў свеце. Сямейнае жыццё ці святарства? Вось пытанне, якое варта сабе задаць.
Менавіта сёння ў Вышэйшую Духоўную Семінарыю прыехала 38 маладых хлопцаў, каб паразважаць над гэтым пытаннем, над сваім пакліканнем. Рэкалекцыі для хлопцаў распачаліся вячэрай. Пасля адбылася сустрэча, на якой прысутнічаў рэктар кс. біскуп Юзаф Станеўскі, духоўныя айцы, клерыкі і маладзёны. Падчас спаткання кожны распавёў у некалькіх словах пра сябе: колькі год, адкуль прыехаў, чым займаецца.
“Мы пытаемся: як жыць у сённяшнім свеце? Дзе правільны шлях? Трэба зрабіць прыпынак і запытаць сябе, што я стаўлю на першае месца, якія прэарытэты? Трэба перазагрузіцца! У кожнага свая дарога, але гэтая дарога павінна быць накіравана да Крыніцы, якаой з’яўляецца Езус,” – сказаў падчас размовы біскуп Юзаф. Ён таксама заахвоціў хлопцаў, каб кожны на рэкалекцыях адчуў Божую любоў, якая есць у кожным сакрамэнце.
Рэктар пажадаў, каб кожны адчуў дотык Бога і потым, у паўсядзённым жыцці, змог перадаваць гэты дотык, гэту радасць і любоў. Духоўныя айцы параілі, каб кожны знайшоў час памаліцца асобна, каб пагаварыць з Езусам як са сваім сябрам. Задумацца над сваім жыццём, а таксама задаць сабе важныя пытанні адносна выбару жыццёвага шляху.
Першы дзень рэкалекцый скончыўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. На адарацыі кс. Валеры Быкоўскі сказаў: "Пакліканне да святарства, як адзначыў св. Ян Павел ІІ, - гэта дар і таямніца. Дар, таму што ніхто не можа прэтэндаваць на права быць святаром, бо гэта Божая ласка. Гэта цудоўны дар Божай любові і клопату. Гэта плен цеснага супрацоўніцтва пакліканага з Божай ласкай. Мы павінны горача маліцца, каб кожны з нас, калі ў сваім сэрцы пачуе голас Бога, змог знайсці дастаткова мужнасці і любові, і адказаць як малады Самуэль: "Я тут, Пане, Ты клікаў мяне".
У праграме рэкалекцый – штодзённая святая Імша, малітвы, канферэнцыі, адпачынак, праца ў групах, магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння, размова са святаром. Рэкалекцыі – гэта найлепшы час, каб паглыбіць веды і ўзбагаціць сваё духоўнае жыццё.
кл. Раман Вайцяховіч