На гэтым тыдні Пан Езус працягвае распавядаць нам пра Сваё Валадарства і карыстаецца пры гэтым прыпавесцямі. Як і ў мінулую нядзелю Ён кажа пра сеўцу, але ў гэты раз сеўца - гэта той, хто пасеяў добрае зерне і той, які пасеяў каласоўнік. Перад намі заўсёды стаіць праблема: як адрозніць таго, хто сее добрае і таго, хто сее непатрэбнае, а нават шкоднае.
Перш за ўсё, мы павінны ўмець адрозніваць само зерне. Гэта вельмі цяжка. А калі яно ўзыходзіць, то, нажаль, мы маем нясмак з таго, што сярод нашай шчырай працы паявілася тое, што плёнам нашай працы не з’яўляецца. Таму вельмі якасна перадае плён нашай працы Пан Езус, калі кажа да нас, што ўсе пазнаюць па плёнах, кім мы з'яўляемся.
Бог чакае належнага плёну таго, што Ён засеяў, Бог дае Сваё Слова і мае права, як добры сеўца, чакаць плёну. Калі ж паміж каласоў збожжа вырастае каласоўнік, можна зрабіць так, як радзяць слугі гаспадару поля, дзе Злы пасеяў каласоўнік сярод добрага зерня, каб ісці і выпалаць яго. Але гаспадар поля адмаўляецца ад гэтага, Ён баіцца, каб вырываючы каласоўнік, знянацку не быў вырваны і добры плён. Таму кажа, каб пачакаць да жніва, дзе каласоўнік будзе адрознівацца ад збожжа. А тады пусціць сваіх жняцоў, каб яны выпалалі каласоўнік і звязалі яго ў снапы, і потым спалілі. А добры плён збяруць у Яго гумно.
Бог дае кожнаму з нас магчымасць убачыць, што ў маім жыцці засеяна блага, дзе і як праяўляецца той плён, які Ён сам не засеяў. Праз святыя Сакрамэнты Бог дае шанс выпалаць каласоўнік граху і аддаць яго на спаленне, а плён з зерняў Божага Слова сабраць ў гумно таго, хто ў нас яго пасеяў. Таму Бог заклікае да працы над глебай нашай душы, каб яна была заўсёды якасная і прыгатаваная да прыняцця зерня-Слова Божага.
Словы Божыя, упаўшы на глебу нашай душы, заўсёды выклікаюць радасць і супакой, нягледзячы на тое, што яны вельмі патрабавальныя. Словы ворага выклікаюць задаволеннасць з таго, што нам прапаноўвае гэты свет. Словы Бога будуюць ў нас Валадарства Божае, а словы злога сеюць пачуццё самазахаплення і эгаізму, духоўнай ляноты. Божае зерне ўзыходзіць на глебе прыгатаванай, палітай вадой з Бжай студні, а слова ворага ўзыходзіць сярод пустазелля.
Слова Бога ў нашай душы абуджае пачуццё чалавечай вартасці, абуджае ў нас Вобраз Божы, па якім мы створаны. Словы д’ябла прыніжаюць і прыводзяць да духоўнай пустыні. Дык якое зерне і якая глеба больш табе па душы?