Шкаплер - гэта адзін з сакрамэнталіяў Касцёла. Праз яго Марыя дала нам асаблівую дапамогу, вельмі патрэбную на штодзённым шляху да вечнага жыцця. Ён з'яўляецца знакам апекі і заступніцтва нашай Каралевы.
Вытокі кармеліцкага шкаплера паходзяць з дванаццатага стагоддзя. Духоўныя сыны прарока Іллі жылі і маліліся на гары Кармэль у Палестыне. Яны называлі сябе братамі Найсвяцейшай Панны Марыі гары Кармэль. З-за многіх ганенняў пераехалі у Еўропу. Касцёл, прызнаючы правілы іх жыцця, даў юрыдычны пачатак Закону.
Пашыраўся закон вельмі хутка. У Англіі асаблівай святасцю адзначыўся святы Сымон Сток. Ён, убачыўшы небяспеку, якая пагражала закону, прасіў Найсвяцейшую Дзеву Марыю аб дапамозе. У ноч з 15 на 16 ліпеня 1251 года убачыў Найсвяцейшую Дзеву Марыю, акружаную анёламі, якая дала яму карычневы шкаплеж. Пасля пачуў словы Марыі: “Прымі, сын наймілейшы, шкаплер твайго ордэну як знак майго братэрства,прывілей для цябе і ўсіх кармелітаў. Хто памрэ ў ім, ніколі не ўбачыць пякельнага агню. Гэта знак збаўлення, паратунак у небяспецы, запавет супакою і вечнага абавязку.”
Прывілеі кармеліцкага шкаплера:
1. Хто памірае, апрануты ў святы шкаплер, той не будзе асуджаны.
2. Той хто носіць шкаплер як ушанавальнік Маці Божай, забяспечвае сабе Яе апеку для душы і цела у гэтым жыцці, а асабліва ў моманце смерці.
3. Кожны, хто набожна носіць шкаплер і захоўвае чысціню, будзе выратаваны ад чыстца ў першую суботу пасля смерці.
4. Тыя, хто належыць да шкаплернага братэрства, маюць духоўнае аб’яднанне з ордэнам кармелітаў.
Вось абавязкі, якія належаць да Братэрства Шкаплернай:
1. Прыняць кармелітанскі шкаплер з рук святара.
2. Запісацца ў кнігу Братэрства Шкаплернай.
3. Удзень і ўночы насіць шкаплер.
4. Маліцца штодзённа канкрэтнай малітвай, якой абавязаўся маліцца ў дзень прыняцця да Братэрства (як правіла гэтай малітвай з’яўляецца “Тваёй абароне аддаёмся...”).
5. Практыкаваць цноты Божай Маці і распаўсюджваць яе гонар.
Якія існуюць ўмовы для прыняцця шкаплера?
Існуе адна істотная ўмаова: нязмушанае, шчырае і свядомае жаданне прыняць шкаплер, даверыўшы сябе Марыі ў гэтым знаку.
Як падрыхтавацца да прыняцця?
Трэба адбыць святую споведзь, каб у моманце прыняцця шкаплера быць у стане асвячаючай ласкі. Гэта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць уздзеяння Марыі, каб Яна дапамагла адданай Ёй асобе.
Калі я магу прыняць шкаплер?
Шкаплер можа быць прыняты ў любы дзень, але, калі мы прымаем яго у Марыйнае свята, то больш паглыбляем нашую з Ёй сувязь.
кл. Раман Вайцяховіч