Сёння ў Гродзенскай катэдры а 9 гадзіне распачалася св. Імша для пілігрымаў, якую ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Пешае паломніцтва Гродна-Тракелі кожны год збірае не толькі маладзёнаў, але і людзей старэйшага ўзросту. Галоўная мэта - малітва праз заступніцтва Святой Маці.
Біскуп Аляксандр на пачатку св. Эўхарыстыі прывітаў пілігрымаў, радасна адзначыўшы, што пілігрымка ў Тракелі сталася добрай традыцыяй сведчання сваёй веры. Падчас пропаведзі кс. пралат Ежы Левіньскі заклікаў прысутных да таго, каб яны выбралі дакладную інтэнцыю свайго паломніцтва, бо інакш асаблівы сэнс губляецца.
Кс. Павел Салабуда, які ўжо некалькі год запар з’яўляецца кіраўніком пілігрымкі Гродна-Тракелі, заклікаў жадаючых далучыцца да групы, якая моліцца ў цішыні. Напрыканцы св. Імшы кс. Павел раздаў медалі з надпісам “У цябе вялікае пілігрымковае сэрца” кс. пралату Ежы і біскупу Аляксандру.
Cёння ў плане 25 км і начлег у Азёрах. Усяго з Фарнага Касцёла вырушыла 199 чалавек, але, вядома, лічба з кожным днём будзе павялічвацца.
Яна Ткачук