Шосты дзень - гэта найдаўжэйшы дзень нашай пілігрымкі. Ідзем амаль што 40 км. Ужо зранку ўсе заматалі памацней сабе ногі і замацавалі мазалі большай колькасцю пластыраў. Ночылі мы ў Лепелі, маленькім гарадочку з вялікай колькасцю азёраў. Тут да нас далучыліся некалькі пілігрымаў. Мой папярэдні прагноз, што наша пілігрымка павялічыцца ў два разы да Будслава зусім не спраўджваецца. У пэўнай ступені гэта класна. Усе кампактна, дружна. Ведаеш амаль кожнага пілігрыма і, дзякуючы гэтаму, атмасфера сямейнасці цалкам пранікае гэтае паломніцтва.
Евангелізацыя. Гэта адзін з галоўных пунктаў. Мы навучыліся не баючыся размаўляць з людзьмі, якія сустракаюць нас на дарозе. Усё-такі сказаць незнаёмаму чалавеку “мы сыны Езуса – Ён вялікі Бог” – гэта моц.
На шосты дзень фізічнае знішчэнне ног уваходзіць у фінальную фазу. Адна дзяўчына распавяла, як пад адным мазалём у яе з’явіліся яшчэ тры. Трэба было прабіцца да іх, што было спалучана з болем і плачам. А пазней яшчэ з усім гэтым ісці. “Паплакала пару км, а пасля нармальна”, - смеючыся кажа яна. У моц гэтых словаў цяжка паверыць, трэба проста гэта бачыць.
Нага а. Томаша. Мая фатаграфічная каравасць не змагла пераказаць усяго, але думаю і так нармальна выглядае =)
Наш Вова сёння кіраваў рухам. Самотны каёт =)
У пэўным моманце ўсе выдумалі зрабіць ручаёк. Адкуль у людзей сілы? Тут ідуць і стогнуць што так цяжка і кожныя 10 хвілін пытаюцца, калі будзе прыпынак. А тут усе раптам таньчаць. Гэта пілігрымы.
Наш незвычайны гітарыст нават парваў струну – так падыгрываў ручайку. Імпульсіўны ён, карацей.
На апошнім участку дарогі нас напаткаў дождж. Пасля цэлага дня спёкі гэта было прыемна і асвяжаюча. Спрайт адпачывае.
У школе ў Беразіно, месцы дзе мы ночылі, у апошні дзень раптоўна пафарбавалі падлогі. Па-гэтаму мы ночылі ў палатках. Шмат хто быў незадаволены. А я быў вельмі рады з гэтай нагоды. Усё-такі пілігрымка. Карацей, спалі мы з відам на Бярэзінскі запаведнік, усе гуртам, павячэраўшы па поўнай.
Дарэчы, сталовая школы – гэта тое, што я бачыў толькі ў фільмах пра вайну. Сталовая знаходзіцца ў драўлянай хатцы, якая абаграецца печкамі.
Ідзем спаць. Заўтра праапошні дзень. Мы ўжо прайшлі 3\4 пілігрымкі. Як заўсёды задаеш сабе пытанне: “Калі?”. Час – неверагодная штука. Ён такі ціхі і незаўважны, а насамрэч ён бура, якая нясецца з неверагоднай хуткасцю. Усім дабранач.
Арцём Ткачук
Вова разважае
Дазволь любіць.
Камунікацыя ў кожнай пілігрымцы адыгрывае вялікую ролю. Людзі з Гродна, Мінска, Шарэшава, Віцебска і Піцера сустракаюцца і ідуць разам. Людзі розных узростаў і эмацыйных тыпаў існуюць разам і, як прыклад, разам працуюць на кухні.
Ведаеце, для мяне ў дадзеных абставінах самае цяжкае гэта дазволіць кожнаму любіць, як ён умее, і дазволіць кожнаму быць самім сабой. Асабліва сабе.
Уладзімір Крупенка