25 чэрвеня ў парафіі Вялікія Эйсманты адбывалася сустрэча святароў - выпускнікоў Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі, якія у 2000 г. пачалі сваю паслугу ў розных кутках Беларусі. Сёння яны рэалізуюць сваё служэнне ў парафіях Беларусі і на розных адказных пасадах у Касцёле.
Сярод іх Віцебскі Ардынарый - біскуп Алег Буткевіч, першы сакратар апостальскай нунцыятуры у Казахстане – кс. прал. Аляксандр Рагіня, адказны дырэктар беларускай секцыі Ватыканскага Радыё – кс. Аляксандр Амяльчэня, супрацоўнікі дыяцэзяльных курый, выкладчыкі Вышэйшых Духоўных Семінарый у Гродне і Пінску.
Св. Імшу ўзначаліў біскуп Алег, які таксама прамовіў пропаведзь да сабраных братоў у святарстве і вернікаў. Падчас прамовы біскуп Алег падзякаваў вернікам за малітву і заахвоціў да далейшай малітвы за святароў.
Пасля святары-аднакурснікі мелі магчымасць яшчэ раз успомніць і паразмаўляць аб сваім шляху да святарства, падзяліцца сваімі поспехамі і падтрымаць духоўна адзін аднаго.
На заканчэнне сустрэчы святары 2000-ага года выпуску Гродзенскай ВДС падзякавалі кс. Мікалаю Ціхановічу за запрашэнне і арганізацыю сустрэчы ў Вялікіх Эйсмантах, а таксама запланавалі сваю наступную сустрэчу ў будучым годзе.