Skip to main content

Крыж і абраз Сусветных Дзён Моладзі завіталі ў Беларусь

28 чэрвеня, а дзевятнаццатай гадзіне, на кантрольна-прапускным пункце дзяржаўнай мяжы Беларусі з Польшчай распачался вандроўка крыжа і абраза Маці Божай Сусветных Дзён Моладзі.

Моладзь з Брэста і Гародні вырушыла з памежнага з Польшчай пункту ў Брэсце, каб атрымаць ад польскай моладзі духоўныя сімвалы СДМ. Усё адбывалася паводле запланаванай праграмы. Крыж і абраз Маці Божай, якія пабывалі ў розных краінах свету і пры якіх маліліся мільёны маладых вернікаў Касцёла, былі афіцыяльна перададзены маладзёнам Беларусі.

Незвычайным ў перадачы духоўных сімвалаў Сусветных Дзён Моладзі было тое, што адбываецца гэта выдарэнне на мяжы дзвюх краін. Прабуджае гэта дух узаемнай адказнасці і ўмацоўвае веру ў тое, што для Хрыста і Яго Маці няма межаў. Усе межы з’яўляюцца толькі ўмоўнымі. Моладзь усяго свету разам з Езусам і Марыяй.

Агарняе моцнае пачуццё гонару за Беларусь. Першы раз наша моладзь прымае сімвалы супольнасці каталікоў усяго свету. Беларусь стала першай краінай на шляху да 28 СДМ, якая прыняла эстафету перэгрынацыі крыжа і абраза ад польскай моладзі. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што ў Беларусі распачалася духоўная падрыхтоўка да Дзён Моладзі, якія адбудуцца ў Кракаве 26-31 ліпеня 2016 г.

Да 12 ліпеня моладзь і вернікі з Беларусі будуць мець магчымасць дакрануцца да крыжа і іконы Маці Божай “Ацалення Рымскага Народу”, каб аб’яданацца з мільёнамі маладзёнаў, якія праз дакладна 30 год перадаюць сабе гэтыя сімвалы.

Хрыстос і Марыя заклікаюць нас аб’яднацца і з радасцю прывітаць Іх у выбраных гарадах Беларусі. 12 ліпеня сімвалы еднасці ад беларускай моладзі прыме моладзь з Літвы.

 

 кс. Антоні Грэмза