Skip to main content

У парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбыліся святыя місіі

290З 22 па 29 чэрвеня ў парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбыліся парафіяльныя святыя місіі, якія праводзілі айцы-рэдэмптарысты: а. Андрэй Ядкоўскi CSsR i а. Валер Мазюк CSsR. Гэта быў менавіта той час, калі ўся парафія змагла нанова адкрыць для сябе Божую любоў, якую так часта бывае цяжка зразумець.

У панядзелак і аўторак а 16 гадзіне былі адпраўлены св. Імшы з пропаведдзю для дзяцей, а ўвечары адбыліся сустрэчы з моладдзю. У аўторак, падчас пакутнага набажэнства, пробашч парафіі прасіў прабачэння для ўсёй парафіі i ў кожнага вернiка. У многіх на вачах былі слезы. Кожны з прысутных яднаўся адзін з адным і ў сваім сэрцы з Богам праз малітву.

150

Ад серады да суботы адбываліся місійныя споведзі. Кожны дзень айцы-рэдэмптарысты прадстаўлялі нам простымі і зразумелымі словамі шматлікія важныя ісціны, пра якія мы часта забываем.

117

Надзвычай важным элементам місій былі вячэрнія Марыйныя заклікі, падчас якіх усе прысутныя аддавалі пашану Маці Божай і прасілі Яе аб матчынай апецы для кожнай сям'i і ўсёй парафіі. Людзi адчулі вялікую радасць і любоў, якую можа даць толькі любячая маці.

У сераду, пасля св. Імшы, вернiкi прайшлі Крыжовым шляхам па вуліцы, дзе кожны публічна засведчыў сваю веру даючы прыклад братам і сёстрам, якія яшчэ не ведаюць Бога. Гэты акт быў не толькі актам нашай веры, але і мужнасці, любові і надзеі.

У чацвер кожны індывідуальна падыходзіў да крыжа, які неслі Крыжовым шляхам, каб дакрануцца да яго і прамовіць усім сваім сэрцам: "Ты, Езус Хрыстус, мой Пан! " У пятніцу адбылося аднаўленне шлюбных абяцанняў. Для многіх пар гэта было вельмі кранальнай падзеяй. Кожная сужанская пара атрымала асабістае дабраславенне крыжам місіянера.

У суботу хворыя людзі пасля раняшняй Імшы атрымалі сакрамэнт Намашчэння хворых. У гэты ж дзень а 15 гадзіне ў касцёле было даволі ажыўлена: шум, смех, часам плач, бо была адпраўлена св. Імша, у часе якой адбылося блаславенне для матуляў і маленькіх дзяцей да 5 гадоў. У апошні дзень місій - у нядзелю, падчас урачыстай св. Імшы а 13 гадзіне, на якой сабраліся парафіяне і шматлікія госці, была асвечана памятная пліта, якая была замацавана на крыжы, а таксама розныя рэлігійныя рэчы сабраных вернікаў. Пасля гэтага адбылося ўшанаванне місійнага крыжа.

Ксёндз-пробашч Алег Дуль і вернікі падзякавалі айцам за праведзеныя святыя місіі. Напрыканцы Эўхарыстыі місіянеры падзякавалі ўсім прысутным і вярнуі ксяндзу-пробашчу ключ ад святыні і стулу, як знак завяршэння іх служэння.

140

Аднак гэта не азначае, што місіі скончылася! Наадварот, сёння гэта толькі пачатак місіянерскай дзейнасці ў нашай парафіі. Будзем спадзявацца, што насенне прапаведвання айцоў-місіянераў ўпалі на добрую глебу і хутка пачнуць прыносіць плён.

С. Мурончык