Па любові да Марыі і Касцёла можна пазнаць дасканаласць у хрысціянскім жыцці. Папа казаў пра гэта пазаўчора вечарам, падчас сустрэчы з маладымі рымлянамі, якія шукаюць сваё пакліканне. Францішак падкрэсліў, што на гэтай дарозе вельмі важнай з'яўляецца прысутнасць Марыі. Яна была побач са сваім Сынам, шлях якога быў цяжкі і балючы.
“Калі нейкі хрысціянін кажа мне, не тое, што ён не любіць Марыю, але яна для яго не важная, што да яе не моліцца, гэта мяне вельмі засмучае – сказаў Францішак. – Памятаю, што калі 40 гадоў таму я быў у Бельгіі на адным кангрэсе, то сустрэў там пару катэхэтаў, універсітэцкіх прафесараў, якія мелі дзяцей, прыгожую сям’ю і прыгожа казалі пра Хрыста. У пэўны момант я запытаўся: “А набажэнства да Марыі?” “Гэты этап мы ўжо прайшлі. Мы так добра ведаем Езуса Хрыста, што Марыя непатрэбная.” І тады я падумаў: “Бедныя сіроты”. Так. Хрысціянін без Марыі – сірата. Гэтаксама, як хрысціянін без Касцёла. Хрысціянін патрабуе дзвюх гэтых маці, дзвюх дзявіцаў – Касцёла і Марыі. Каб прайсці тэст здаровага хрысціянскага паклікання, трэба запытацца пра адносіны з гэтымі матулямі. І гэта тэалогія ў найчысцейшым вобразе. Якія ў мяне адносіны з Касцёлам, маёй маці - Касцёлам, іерархічным Касцёлам? І якія ў мяне адносіны з Марыяй, якая з’ўляецца маёй Мамай?”
Маладым, якія яшчэ шукаюць сваё пакліканне, Папа адзначыў таксама патрэбу прыняцця цвёрдых, канчатковых рашэнняў.
“Для нас гэта вельмі важна, бо мы жывём у культуры непастаянства: “згода, але толькі на канкрэтны час, потым ужо штосьці іншае”. “А вы ажэніцеся?” “Так, пакуль трывае каханне”. Потым кожны вяртаецца да свайго дому і пачынае ад нова… Адзін біскуп распавядаў мне пра маладога чалавека, добра адукаванага, які сказаў: “Я б хацеў быць святаром, але толькі на дзесяць год”. Так, гэта непастаянства. Мы баімся канчатковых рашэнняў, але каб выбраць пакліканне, не важна якое, стыль жыцця, сужанства, кансэкраванае жыццё, святарства, трэба рабіць выбар у канчатковай перспектыве. Гэтаму супраціўляецца культура непастаянства. Гэта элемент культуры, у якой нам прыйшлося жыць. Мы павінны ў ёй жыць і яе перамагчы” – сказаў Святы Айцец.
Паводле gosc.pl