Skip to main content

У Назарэце асвяцілі мазаіку Маці Божай Будслаўскай

27 чэрвеня беларускія пілігрымы накіраваліся ў горад Назарэт, які знаходзіцца за 190 км ад Ерузалема, каб споўніць галоўную мэту пілігрымкі, якой з’яўляецца асвячэнне мазаікі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Урачыстасці распачаліся святой Імшой у Базыліцы Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, у якіх прынялі ўдзел усе 300 пілігрымаў. Перад Імшой мазаіка была ўнесена ў Базыліку і змешчана ў бакавым алтары.

Малітвы і спевы на беларускай мове, якім задаваў тон змешаны хор спевакоў з Мінскага касцёла Св. Сымона і св. Алены, а таксама з Магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава, апанавалі Базыліку, якая за час свайго існавання бачыла многае, але такую моцную прысутнасць Беларусі адчула ўпершыню.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскi арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і святары з Беларусі.

Напрыканцы Імшы была асвячана мазаічная выява Будслаўскага абраза, каля якога быў прачытаны Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пазней мазаіка будзе ўсталявана ў падворку Назарэтанскай Базылікі з левага боку ад цэнтральнага ўваходу. Кіраўнік турыстычнай фірмы, якая арганізавала пілігрымку і выкананне мазаікі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай, спадар Джордж выказаў сваю радасць з нагоды асвячэння, а таксама выказаў надзею, што пакаленні беларусаў будуць прыбываць сюды, каб маліцца ў гэтым святым месцы. Месца ж будзе прадстаўляць Будслаўская Мадонна.

Паводле Сatholic.by