Кажуць, што адчуванне пілігрымкі ў касцях і мышцах залежыць не ад фізічнага стану, але ад узятай з сабою інтэнцыі. Што ж, прызнаюся, што ў гэтым годзе першы дзень быў незвычайна цяжкі. Хоць і радасны таксама.
Св. Імша пачалася са спазненнем больш за 20 хвілін. Ніхто не ацаніў важнасці гэтага факту да таго моманту, пакуль супрацоўнікі ДАІ, якія ўвесь час чакалі пад брамай касцёла, пасля літургіі не далі ў тык а. Томашу, кіраўніку пілігрымкі, за неадказнасць.
Увогуле з намі сёння вырушылі тры святары: два дамініканцы і адзін аблат. Усе трое – палякі, аднак гавораць па-беларуску лепш, чым большасць беларусаў.
Пасля службы мы хутка спакавалі нашыя рэчы. Факт, які я проста не мог прапусціць міма – матэрыял абкруткі банак з салатамі. Пілігрымка Віцебск-Будслаў актыўна выкарыстоўвае “Нашу Ніву”.
Першы адрэзак шляху мне выпала доля персці калонкі. Улічваючы наш тэмп і маю поўную непадрыхтаванасць я меў усе шанцы самлець. Аднак я выстаяў. У адрозненні ад мяне, а. Кшыштаф не здолеў утрымаць кубак з гарбатай і абляпаўся падчас абвяшчэння заканчэння перапынку.
Увогуле пілігрымку па памерах можна аднесці да катэгорыі мікра. Сёння нас вырушыла 40 чалавек. Аднак па ходу да Будслава мы дойдзем у падвоеным ці нават патроеным выглядзе.
Мясціны, праз якія мы ідзём, поўныя азёраў. Усё ж такі Віцебшчына.
Абед мы правялі літаральна пад мастом. А. Томаш прыпёр усім снікерсы, сала і вараныя яйкі. Як бы смешна не гучала нашае меню, усе былі вельмі задаволеныя. Увогуле дамініканцы вельмі актыўныя і пакуль ні на хвілінку не трацяць кантроль над сітуацыяй.
Палову абеда мы не спалі, але слухалі канферэнцыю шэфа пілігрымкі. Нехта падчас як трошкі прыснуў, хтосьці кляваў носам, а хтосці і старанна натаваў. Карацей, было чым заняцца.
Пасля абеду мы папалі ў моцны дождж. Думалася, што гэта будзе працягвацца аж да вечара. Аднак не, дождж працягваўся толькі гадзінку, аднак і за гэты час паспеў нас акурат падмачыць. На наступным прыпынку ўсе толькі і займаліся падсушкай сваіх рэчаў.
Пазней у госці завітаў да нас бп Алег Буткевіч. Сціплы, прыемны і просты чалавек. Замест абразікаў і стандартных біскупскіх памяткаў ён прывёз нам марозіва са сгушчонкай. Супольны здымак, абяцанне іерарха яшчэ вярнуцца да нас і мы ідзем далей.
Пазней, пасля рэшты мучальніцкіх км, мы даходзім да нашага першага места назначэння: Шуміліна. Мясцовы пробашч ветліва ўсіх вітаў, частка пілігрымаў спала ў рэкалекцыйным доме і супольна гатавала сабе вячэру. Пасля піхання да болю ветлівымі гаспадарамі пілігрымаў, якія бяруцца на начлег, гэты вечар падаўся адным шчасцем. Пабольш бы такога.
Кладземся спаць. Прыемнасць стомленасці нельга апісаць словамі. Заўтра ідзем наступныя 35 км.
Арцём Ткачук