Праграма другога дня Парафіяды аб’ядноўвала спаборніцтвы пад агульнай назвай “Тэатр”, якія праходзілі ў касцёле імя Найсвяцейшага Адкупіцеля ў мікрараёне Дзевятоўка. Каля 350 чалавек дзецей і моладзі распачалі гэты дзень з перажывання св. Імшы, якую ўзначаліў кс. біскуп Алег Буткевіч.
У сваёй пропаведзі душпастыр Віцебскай дыяцэзіі параўнаў жыццё з тэатрам, звярнуўшы ўвагу на фрагмент з Евангелля паводле Мацвея аб крывадушніках, якія ўсё робяць на паказ, а не ад шчырага сэрца. Заклікаў падрастаючае пакаленне не іграць у жыцці, бо тэатр дапамагае паглядзець на жыццё з розных бакоў, пераўвасабляцца ў розныя ролі, але пражыць сваё жыццё магчыма толькі адзін раз.
Непасрэдна пасля малітвы распачаліся конкурсныя праграмы на веданне Святога Пісання і гісторыі Касцёла, конкурс малюнка на тэму “Супакой вам. Спатканне Уваскрослага з вучнямі”, пастаноўкі малых тэатральных форм, музычныя конкурсы рэлігійнай музыкі Sacro Song і свецкай на тэму “Музыка маім жыццём”. Маладыя таленты зачаравалі ўсіх сваімі артыстычнымі здольнасцямі.
На працягу дня трывала адарацыя Найсвяцейшага сакраманта і кожны мог падзякаваць Езусу, прысвяціць Яму некалькі хвілін, пабыць у цішыні з Богам.
Падтрымаць дзяцей і моладзь прыехаў і кс. біскуп Юзаф Станеўскі.
Пасля адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў некаторых конкурсаў.
Дзень завяршыўся выступам дзіцяча-моладзевага гурта “Liberamente” з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне і вячэрняй малітвай у касцёле.
Падрыхтавала Марына Белаблоцкая
Фотаздымкі Баляслава Гавецкага