Skip to main content

Урачыстасць Найсвяцейшай Троіцы. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Сённяшняя нядзеля, падчас якой мы асаблівым чынам ўшаноўваем Бога ў Найсвяцейшай Тройцы, падкрэслівае неабмежаваныя магчымасці Пана, якія ніколі не вычэрпваюцца. Чалавек сваім абмежаваным розумам ніколі не можа спазнаць сутнасць Бога: што Бог адзіны ў Трох Асобах - гэта проста таямніца нашай веры.

Каля 385 года ад Нараджэння Хрыста ў рымскай Брытаніі, у сям’і вайскоўца, нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Патрык. Ва ўзросце 16 гадоў Патрык трапіў у палон да піратаў, якія вывезлі яго ў Ірландыю і там прадалі ў рабства. Падчас гэтага прымусовага прабывання на Зялёным Востраве ён захапіўся аскетычным жыццём і вырашыў прысвяціць свой лёс Богу. Уцёкшы праз шэсць гадоў на кантынент, Патрык стаў манахам і дапоўніў сваю адукацыю ў розных кляштарах. Пасля вывучэння тэалогіі Патрык атрымлівае пасвячэнне ў святары, затым у біскупы, і ў 432 годзе прыбывае ў Ірландыю, якую евангелізуе каля 30 гадоў. Ірландскім язычнікам цяжка было прымаць таямніцы хрысціянскай веры, асабліва Найсвяцейшай Тройцы. Патрык доўга ім тлумачыў, што Бог ёсць адзін, але Ён у трох асобах. Пасля заканчэння катэхізацыі Патрык бачыў, што людзі так і не зразумелі яго - далей сцвярджаюць, што ёсць тры Бога. Тады ён зразумеў, што словы тут бескарысныя, і што трэба знайсці нейкі вобраз, прыклад. Ірландыя - гэта востраў, на якім амаль увесь час ідуць дажджы, таму там расце вельмі шмат розных відаў раслін. Сярод гэтых раслін Патрык заўважыў канюшыну, і на яе прыкладзе вырашыў растлумачыць таямніцу Найсвяцейшай Тройцы. Ён казаў: канюшына складаецца з трох лісткоў, але яны як адно цэлае, так і Пан Бог у адзінай сутнасці Тройцы. Мы пакланяемся Яго Адзінай Божай сутнасці ў Трох асобах: Айцу, Сыну і Святому Духу. Гэтыя канюшына дапамагла ірландцам прыняць праўду веры, што датычыцца Святой Тройцы.

У цяперашні час, нягледзячы на намаганні місіянераў, свет перажывае крызіс веры. Многія людзі маюць своеасаблівыя ўяўленні пра Бога, якія часам ўсё ж далёкія ад Бога, пра якога гаварыў Езус. Бог – гэта, перш за ўсё, любоў. Многія святыя, якія былі больш набліжаны да Пана праз малітву і містыку, паказваюць сучаснаму свету, што толькі пакора і вера прывядуць да сапраўднага пазнання Бога.

Каб зразумець Пана Бога, нам патрэбен не толькі розум, але і адкрытае сэрца, таму што менавіта сэрцам мы можам прыняць любоў, якой і ёсць Бог у Трох Асобах.