Урачыстасць Спаслання Святога Духа – асаблівы дзень для парафіян мікрараёнаў Альшанка і Фабрычны ў Гродне. Гэта дзень патранальнага свята парафіі Святога Духа. Тытул парафіі і касцёла, як паведаміў кс. пробашч Павел Салабуда для grodnensis.by, быў выбраны са згоды кс. біскупа Аляксандра, каб Святы Дух асвячаў і ўзмацняў веру маладой парафіі, а таксама, каб зноў у Гродна вярнуўся касцёл пад такой назвай. У 1550–1820 гадах у Гродне існаваў філіяльны касцёл Святога Духа са шпіталем. Ён знаходзіўся на месцы сённяшняга будынка адміністрацыі Ленінскага раёна па вуліцы Савецкая. У 1820 г. касцёл быў разабраны.
У гэты дзень маладую парафію наведаў кс. бп Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі. Па запрашэнні кс. пробашча Паўла Салабуды, у парафію разам з біскупам прыбылі святары выкладчыкі ВДС у Гродне: кс. Віталій Сідорка, прэфект семінарыі, і кс. Валерый Быкоўскі, духоўны айцец ВДС, а таксама віцэ-афіцыял біскупскага суда кс. Павел Урбан.
На пачатку ўрачыстасці паважаных гасцей прывіталі дзеці і моладзь, просячы, каб ксёндз біскуп памаліўся аб усёй парафіі, а асаблівым чынам аб атрыманні пляцу пад пабудову новай святыні. Затым пры капліцы, якая знаходзіцца ў новым мікрараёне горада, была адпраўлена св. Імша.
З гаміліяй да сабраных вернікаў звярнуўся кс. бп Юзаф, які падкрэсліў, што, як тады ў Вячэрніку зарадзіўся Касцёл, так і сёння нараджаецца малады касцёл у гэтых новых мікрараёнах горада. Ксёндз біскуп прыгадаў вернікам аб асаблівым уплыве Святога Духа, а заахвочваючы ўсіх да малітвы, падкрэсліў, як шмат Божых ласкаў можна атрымаць праз Святога Духа. Эксцэленцыя заахвоціў вернікаў адважна вызнаваць сваю веру, радавацца і жыць Евангеллем.
Прыгадваючы савецкія часы, калі вернікі ездзілі ў Маскву, каб вярнуць касцёлы, ён прасіў вернікаў нястомна маліцца і мець адвагу, каб быць вернымі Богу. Эксцэленцыя на заканчэнне звярнуўся да маладых сем’яў, сабраных на св. Імшы, каб яны выхоўвалі сваіх дзяцей у веры і любові да Бога, каб хадзілі ў касцёл і памяталі аб веры сваіх прадзедаў і бацькоў.
На завяршэнне св. Імшы было адпраўлена Чэрвеньскае набажэнства, а таксама прагучала мноства цёплых слоў у адрaс гасцей і ўсіх парафіян. Як адзначыў кс. Павел, пробашч парафіі, “прысутнасць біскупа і святароў для гэтай зямлі – гэта вялікае дабраслаўленне, якое асвячае кожнага з нас і здзяйсняе цуды”. Як гавораць парафіяне, чарговым цудам, якога ўсе чакаюць, будзе пляц пад пабудову новай парафіяльнай святыні. Пасля св. Імшы да біскупа падышлі дзеці, якім ён удзяліў дабраслаўленне і раздаў выявы святых.