25 мая ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні скончыліся юбілейныя ўрачыстасці 25-годдзя прысутнасці і пастырскай працы салезіянскай супольнасці.
Павіншаваць духоўных сыноў св. Яна Боско прыбыло шмат гасцей з усёй Беларусі і з-за мяжы. Урачыстую Імшу на заканчэнне святкавання ўзначаліў сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай, які таксама з’яўляецца салезіянінам. У Імшы прынялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны дарадчык з Рыма кс. Тадэвуш Розмус, рэгіянальны настаяцель Таварыства св. Францішка Сальскага кс. Віктар Гайдукевіч SDB, першы пробашч адроджанай смаргонскай парафіі Святога Міхала Арханёла кс. Генрых Куляшэвіч SDB, святары, сёстры законныя, вернікі Смаргоні і іншых мясцін.
Пасля Імшы арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай асвяціў фігуру св. Яна Боско, убудаваную ў дом салезіянскай супольнасці, а таксама адчыніў і асвяціў памятную дошку, усталяваную з нагоды 25-гадовага юбілею.
У свеце больш за 15 тысяч салезіянаў. Яны прысутнічаюць у 132 краінах, стараючыся зразумець і прыняць багацце культур краін, у якіх служаць, каб у духу павагі і супакою абвяшчаць Евангелле. На сучасную тэрыторыю Беларусі салезіяне прыехалі каля 1920 года і працавалі ў мястэчку Дзятлава (зараз гэта Гродзенская вобласць), дзе адкрылі цяслярскую школу.У свеце больш за 15 тысяч салезіянаў. Яны прысутнічаюць у 132 краінах, стараючыся зразумець і прыняць багацце культур краін, у якіх служаць, каб у духу павагі і супакою абвяшчаць Евангелле. На сучасную тэрыторыю Беларусі салезіяне прыехалі каля 1920 года і працавалі ў мястэчку Дзятлава (зараз гэта Гродзенская вобласць), дзе адкрылі цяслярскую школу.
У Смаргонь святары Таварыства св. Францішка Сальскага прыбылі ў 1989 г. па запрашэнні тагачаснага Апостальскага адміністратара Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Ля пачаткаў душпастырскага служэння салезіянаў на смаргонскай зямлі быў кс. Генрых Куляшэвіч, першы пробашч парафіі і настаяцель салезіянскай супольнасці ў Смаргоні, і кс. Юзаф Занеўскі, першы салезіянін з Беларусі.
Паводле Сatholic.by