Skip to main content

V Вялікодная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

“Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц” - гэтыя словы Езуса Хрыста, прагучалі як абяцанне, як гарантыя бяспекі тым, хто верыць у Яго.

 

У доме Нябеснага Айца, хопіць месца усім, бо Неба такое ж шырокае, як сэрца Таты, у якім заўсёды ёсць месца для сваіх дзяцей. Езус кажа сваім сябрам: “Не бойцеся. Людзі могуць зачыніць перад вамі дзверы, але на небе вас заўсёды прымуць”.

Езус ведаў, што яшчэ зусім трохі і жыццё вучняў радыкальна зменіцца, прыйдуць ганенні, пераследы і выпрабаванні. Хрыстос сказаў людзям наўпрост, што хрысцiянiн не прэтэндуе на камфорт жыцця, бо Ён не з тых правадыроў, якія падкупляюць паслядоўнікаў абяцаннямі лёгкага шляху.

Езус не толькі абяцае нам месца у Валадарстве Бога, а ідзе перад намі, каб мы маглі ісці за Ім. Ён паказвае дарогу, адкрывае шлях і мы крочым па Яго слядах, каб заставацца разам з Ім. Для сапраўды веруючага неба пачынаецца там, дзе Езус. Нам няма патрэбы здагадвацца аб тым, якімі будуць нябёсы. Нам дастаткова ведаць, што мы будзем навекі з Ім. У гэтым свеце наша сувязь з Ім імглістая, мы бачым, якбы праз цьмянае шкло. Прасцей за ўсё было б сказаць, што неба гэта той стан, у якім мы ўвесь час знаходзімся з Езусам Хрыстом. Кожны з нас можа радавацца небам, тут, на зямлі, калі будзем блізка Езуса, калі будзем жыць паводле Яго навукі.

Сённяшнія разважанні, хацелася бы закончыць словамі св. Тэрэзы з Калькуты, што Езус – гэта Праўда, якую трэба распавесці людзям; Езус - гэта Дарога, па якой трэба ісці; Езус - гэта Жыццё, якім трэба жыць; Езус - гэта Радасць, якой трэба дзяліцца; Езус - гэта Ахвяра, якую трэба прыносіць; Езус – гэта Супакой, які трэба даваць; Езус – гэта Любоў, якую трэба любіць; Езус - гэта Хлеб жыцця, які трэба спажываць.

Няхай Неба будзе і нашым удзелам.