Skip to main content

Удзельнікі праекта “РЫБЫ” разам з віцебскім ардынарыем зладзілі евангелізацыйны канцэрт у аршанскай калоніі: сведчанне Наталлі

Дзень быў досыць шэры, нават нешта там падала з нябесаў. Холад. Мы ўваходзілі праз кожныя дзверы строга па пашпарце, па 2 асобы. Каменныя сцены, дрот ў некалькі радоў які закрывае палову неба, агароджы, брэх сабак.

Запрашэнне нашага гурта спяваць для асуджаных мужчынскай калоніі строгага рэжыму ў Оршы я прыняла добра. Прысутнічала нават дзіўнае жаданне там быць. Я адразу спужалася гэтага пачуцця, бо не ведала адкуль яно. Баялася ўласнай ганарыстасці. Але, давяраючы гэту справу Збаўцы, маё сэрца супакоілася.

Цэлы тыдзень молячыся за слухачоў-вязняў, нічога асаблівага не прыходзіла ў сэрца. Малілася, як малілася. Без фанатызму, як кажуць. Мы не ведалі, як і што там будзе. І нават асабліва не пыталіся. Трэба было мець з сабою пашпарт, і ўсе.

Каманда сабралася выдатная: а. Аляксандр Жарнасек, які ўжо на працягу некалькіх гадоў прыходзіць у гэтую калонію з Божым Словам (гэта яго ідэя), біскуп Алег Буткевіч, які паралельна працаваў кіроўцам “РЫБАЎ” (гэта больш за ўсе здзівіла міліцыянераў, якія ахоўвалі калонію), Дарэк і Ганна, якія сведчылі пра сваё перамененае Езусам жыццё, і мы - “РЫБЫ”.

Калі трапляеш ў нейкі іншы свет, пераступіўшы ўсяго толькі парог дзвярэй, то закрадаецца трывога. Не ведаеш хто тут і якая дапамога больг за ўсё патрэбная. У маім сэрцы гэтая незразумелая трывога нараджала малітву, вызнанне аўтарытэту Адзінага Бога, благаслаўленне нават сцен, якія, напэўна, бачылі шмат жорсткасці і слёзаў.

Мая ўсмешка, якая заўседы прысутнічала ў на твары, была ў якойсьці ступені абарончай рэакцыяй, бо нават пры першым сутыкненні позіркаў з “асуджанымі” - так іх там называюць, якія выходзілі са сталоўкі і станавіліся ў шэрагі, мне станавілася няёмка проста з-за таго, што я была ў блакітнай байцы.

Знаходзячыся ў пакойчыку па-за сцэнай, памятаю ў сэрцы невымоўнае жаданне пачаць, як найхутчэй спяваць. Ведаю, што яно было з-за невялікага напружання, няемкасці, з-за шэрасці, якія трэба было выгнаць перш за ўсе з самой сябе.

А. Аляксандр прывітаў ўсіх і перадаў слова біскупу. “Мы проста прыйшлі падзяліцца тым, што маем”, - сказаў біскуп Алег. Мы былі ўжо на сцэне. Пачалі спяваць.

Спыняючы погляд на некалькіх слухачах, ахоплівала глыбокая горыч. Многія там былі не нашмат гадоў старэйшыя за мяне. У галаву адразу прыходзілі пытанні да Бога і сумнівы адносна таго, ці гатовыя мы тут нечым дзяліцца?

Што я магу сказаць гэтым людзям? А я ўвогуле павінна нешта казаць???

- Не, - кажа Госпад. Я буду проста праслаўляць Яго. Так, як умею. Так, якім чынам Ен Сам паклікаў мяне Сябе праслаўляць.

Спрагнёныя і пустыя, крывадушныя, насмешлівыя, незразумелыя, разгубленыя позіркі…“Гэта позіркі пазбаўленыя надзеі”, - злавіла я сябе на думцы. І ў той жа момант пачала прасіць аб надзеі…

Тое, як Господ увайшоў у, здавалася б безнадзейную сітуацыю Дарэка, як вырваў яго з грэшнага жыцця, я ўжо чула раней. Ціха праслаўляла Міласэрнага Айца ў гэты момант, прасіла глянуць і цяпер на ўсіх нас, нікчэмных дзяцей, той жа любоўю. Аня ж мужна сведчыла аб Божай моцы ў дачыненні да апантанага злом. Яе жыццё проста прасякнутае болем і ранамі, нават не было ў яе распараджэнні. І нават адтуль, проста з бездані няшчасця і граху, Бог вывеў яе на волю і напоўніў Сабою.

Я адчувала сябе такой нягоднай, нявернай, марнай ад таго, што так часта наракаю на Бога, наракаю на адсутнасць надзеі, на недахоп даверу, няўменне любіць. Як я магу дзяліцца надзеяй, калі сама яе не маю???

Я малілася словамі: “Госпадзе, забяры ў мяне ўсе, што маю і аддай ім, бо Ты мяне не пакінеш, я веру ў гэта, а яны не ведаюць Цябе, няма ім на каго спадзявацца”. У гэты момант мы спявалі “Небеса там, где Ты! Реки благодати, дождь милости нисходит на нас, ведь Ты здесь, среди нас". Гэта быў час усведамлення, колькі надзеі, насамрэч, даў мне Госпад. Я проста захлыналася сваёю надзеяй. Яе было так шмат, што спяваць было цяжка, цяжка нават дыхаць. Тады ўжо прасіла толькі аб адным - не сумнявацца. Гэта быў час для мяне. Бог паказаў мне колькі было падарована і як Ён адорвае цяпер. Я захлыналася надзеяй…

Пасля бласлаўлення біскупам, адзін з “асуджаных” (лідэр пратэстанцкай суполкі ў калоніі, але пра гэта мы даведаліся ўжо пазней ад а. Аляксандра), узяў у рукі мікрафон і са словамі падзякі ўзгадаў адно з Божых абяцанняў: “Я прославлю прославляющих Меня”. “Гэтае благаслаўленне большае, чым біскупскае” - адгукнулася мне ў сэрцы. Ледзь стрымала слезы.

Калі ўсе скончылася, я адчула ўнутры сябе нейкую прорву. Увайшоўшы ў пакойчык па-за сцэнай, убачыла ўсіх нашых дзяўчын, што стаялі ўабдымку і плакалі. Тут і я не стрымалася ад слёз…

Веру, што Бог дакрануўся кожнага. Веру, што Надзея, Якою захлыналася там, на сцэне з мікрафонам ў руках, прысутная і цяпер ў маім жыцці. Веру, што бласлаўленне, якое мы атрымалі з вуснаў асуджанага за забойства, было і ёсць Божае.

Наталля Каспяровіч