У сённяшнім фрагменце Божага Слова, Евангеліст прадстаўляе нам вобраз Добрага Пастыра, якім з’яўляецца для нас Езус. Ён Добры Пастыр, бо “кліча сваіх авечак па імені…ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць Ягоны голас”. Сёння ёсць яшчэ адна выдатная нагода падзякаваць Добраму Пастыру за Яго любоў да нас. Ён ведае маё імя, ведае мае праблемы і тое, што адчувае маё сэрца. Хрыстос прыйшоў дзеля таго, каб мы “мелі жыццё і мелі ў дастатку”. Калі мы толькі будзем хацець слухаць Яго голас і ісці за Ім – знойдзем сапраўднае жыццё. З Яго вуснаў выходзяць толькі словы праўды, таму што Хрыстос называе сябе “дарогай, праўдай і жыццём”. Хрыстос будзе сапраўдным жыццём для нас, “калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас” (Ян 8,31-32). Таму сёння Езус называе Сябе брамай для авечак, бо толькі Ён ведае, дзе сапраўдная паша.
Таму запытаем сябе, а які я пастыр? Не толькі біскуп і святар з’яўляюцца пастырамі для нас, кожны з нас пакліканы быць вучнем Хрыста і несці Яго іншым. Ці сваім захаваннем, учынкамі, мовай і прыкладам, я прыводжу іншых да Езуса, да брамы сапраўднага жыцця. А можа я затрымоўваю Хрыста толькі для сябе? А можа хачу быць сам брамай для іншых, хай прыходзяць усе да мяне? Ці не затрымліваю людзей каля сябе і дзеля сябе? Ці прыводжу іх да Бога і магу даверыць тых за каго адказваю Добраму Пастыру, які ведае, што патрабуюць Яго авечкі?
Памолімся за біскупаў, святароў і ўсіх тых, каму даручана місія прапаведвання Божага Слова, каб прыводзілі людзей да Езуса – брамы авечак, дзе знойдуць сапраўднае жыццё ў Божай ласцы.