У Евангеллі, паводле святога Яна, перад намі адкрываюцца прыгожыя вобразы Езуса: Святло свету, Жывая вада, Сапраўдная вінаградная Лаза. Але для кожнага хрысціяніна, мабыць, няма больш цудоўнага вобраза Езуса Хрыста, чым вобраз Добрага Пастыра. Езус сказаў: “Я - пастыр добры, Я –брама для авечак”. Гэтыя словы прыносяць нам вялікае суцяшэнне і любоў Бога.
У Добрага Пастыра чыстыя намеры, Ён заўсёды ўваходзіць да авечак праз дзверы – дзверы нашага сэрца. Людзі часам паводзяць сябе, як хітрыя і драпежныя звяры, “грызуць” адзін аднаго, выкарыстоўваюць для сваёй выгады. Гэты свет падобны на казку пра сямёра казлянят: людзі баяцца адчыніць дзверы свайго сэрца на стук. Таму людзі прызвычаіліся быць на пагатове, ім цяжка паверыць, што ёсць бескарыслівая любоў. Калі да нас прыходзіць Добры Пастыр, сэрца кожнага чалавека паступова растапляецца і адкрываецца перад Ім. Добры Пастыр не прыходзіць да авечак, каб выкарыстаць іх. Яго мэта - зрабіць іх шчаслівымі.
Больш таго, Езус ведае нашае імя. У Палестыне пастыры па-асабліваму ставяцца да сваіх авечак. У большасці месцах авечак разводзяць дзеля мяса, а ў Палестыне ў асноўным дзеля воўны. Таму, авечкі праводзяць шмат гадоў са сваім пастырам, надаюць ім імёны, на якія яны адгукаюцца, калі ён кліча іх. Стаўленне пастыра да авечак і наадварот перапоўнена чуласцю. У сёлах і гарадах былі агульныя загоны, дзе статкі праводзілі ноч. Такія загоны мелі моцныя дзверы, ключ ад якіх захоўваўся ў брамніка. Кожную раніцу пастухі прыходзілі ў агульны загон, і тады брамнік адкрываў ім дзверы. Можа здавацца, што авечкі ўсе аднолькавыя. Але кожны пастыр выдатна ведаў сваіх авечак, таму мог беспамылкова знайсці сваіх сярод мноства іншых.
Кожную нашую думку, сэрца, перажыванні, характар абставіны нашага жыцця і патрэбы, якія не ведаюць іншыя людзі – дасканала ведае Бог. Кожны волас на нашай галаве Ім палічаны. Хрыстос не абмяжоўваецца ведамі пра нас, але і нам суперажывае. У сэрцах людзей ёсць мноства розных глыбокіх ран: ад людзей, ад няўдач, ад бессэнсоўнасці. Езус Хрыстос - наш Добры Пастыр, можа дапамагчы нам у кожнай справе і Ён вядзе нас найлепшым шляхам да вечнай радасці і шчасця.