Знакамітую Фару Вітаўта пакажуць гарадзенцам з дапамогай тэхналогіі відэамэппінга. Святыню «намалююць» ў начным небе 6 чэрвеня, у дзень адкрыцця Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко.
Як патлумачыў галоўны рэжысёр фестывалю Уладзімір Сяргейчык, у 23.30 у скверы на Савецкай плошчы пачнецца цырымонія адкрыцця памятнага знака на месцы ўзарванай больш за 50 гадоў таму Фары Вітаўта. Аб'ёмныя выявы створаць прама ў паветры з дапамогай відэамэппінга (3D-праектавання аб'ектаў з дапамогай спецыяльных камп’ютэрных тэхналогій). Тэхнічны бок арыгінальнай задумкі ўзялася ажыццявіць адна з гродзенскіх кампаній.
Плануецца стварыць некалькі мадэляў святыні, так як Фара Вітаўта за сваю гісторыю неаднаразова перабудоўвалася. Выявы будуць ствараць, абапіраючыся на дакладныя гістарычныя звесткі, малюнкі і фатаграфіі. Святыня паўстане перад гледачамі і як каталіцкі, і як праваслаўны храм. Вядучыя распавядуць пра гісторыю будаўніцтва і страты будынка. У пэўны момант цырымоніі адначасова загучаць званы галоўных дзейсных святыняў Гродна. У цырымоніі прымуць удзел хор Гродзенскай капэлы і іншыя харавыя калектывы, прагучаць рэлігійныя спевы.
На месцы Фары Вітаўта ўсталююць скульптурную кампазіцыю ў выглядзе паўразбуранай аркі з памятным надпісам. Помнік вырабляе гродзенскі скульптар Сяргей Більдзюк.
Фара Вітаўта была падарвана 29 лістапада 1961 года. Гэта быў самы вялікі храм Гродна. Яго пабудавалі па распараджэнні князя Вітаўта ў 1389 г. спачатку як драўляны, а пры Стэфане Баторыі, у ХVI стагоддзі, каталіцкая святыня стала каменнай. За сваю гісторыю касцёл не раз гарэў. Пасля пажару 1889 г. святыню аднавілі як праваслаўны Свята-Сафійскі сабор. У 1918 годзе яго зноў вярнулі каталікам, храм дзейнічаў як гарнізонны касцёл. Перад знішчэннем будынак выкарыстоўваўся ў якасці складу.
Дарэчы, у гэтым годзе яшчэ адну скульптуру ў памяць аб згубленых храмах — «Паклонныя крыжы» — плануюць усталяваць каля абласнога драматычнага тэатра. Яна будзе нагадваць гродзенцам аб каталіцкім кляштары бернардынак (пазней Свята-Барысаглебскім манастыры) ХVII -ХХ стагоддзяў, які раней размяшчаўся на гэтым месцы.
Паводле belta.by