У Гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, як кожны год, вялікая колькасць вернікаў, літургіяй Пасхальнай вігіліі, пачала святкаванне самага важнага свята хрысціянства. Моладзь усю ноч адаравала Езуса ў грабніцы. А Нядзельным ранкам, гродзенцы прынялі ўдзел ва ўрачыстай рэзурэкцыйнай працэсіі і св. Імшы.
Пасхальная вігілія Вялікай суботы пачалася літургіяй Святла. Перад касцёлам кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў агонь, ад якога пасля быў запалены пасхал – сімвал Хрыста. На пасхальнай свечцы кс. біскуп зрабіў крыж і літары А (альфа) i Ω (амега), якія азначаюць, што Бог з'яўляецца пачаткам і канцом кожнага стварэння.
Пасля пасхал быў урачыста ўнесены ў святыню, з патройным радасным воклічам “Святло Хрыста” - вернікі адказвалі: “Дзякуем Пану Богу”.
Падчас Літургіі слова вернікі разважалі над гісторыяй збаўлення апісанай у Святым Пісанні Старога і Новага Запавету, пачынаючы ад стварэння свету і першых людзей да прыход, збаўчую Муку і Уваскрасенне Хрыста.
Кс. Раман Катлімоўскі, ў сваёй гаміліі яшчэ больш наблізіў вернікам таямніцу Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста.
Падчас Літургіі Вялікай суботы вернікі аднавілі свае хросныя абяцанні.
Эўхарыстычная Літургія - сэрца і цэнтр літургіі Пасхальнай вігіліі.
Напрыканцы кс. біскуп Аляксандр асвяціў велікодныя стравы і павіншаваў усіх з надыходзячымі святамі.
Пасля св. Імшы пачалася адарацыя Езуса пад знакам хлеба ў імправізаваным гробе. Кожны вернік меў магчымасць асабіста паразмаўляць са сваім Збаўцам.
На адарацыю апоўначы сабралася Гродзенская моладзь, каб сваімі спевамі і малітвай праславіць Пана.
Ужо стала традыцыяй, што кожны год, ў пасхальную ноч, моладзь з кожнай парафіі наведвае суседнія касцёлы, каб супольна праславіць Бога сваімі малітвамі і спевам.
А 7 гадзіне па вуліцах Гродна прайшла ўрачыстая рэзурэкцыйная працэсія, пасля якой пачалася св. Імша, якую ўзначаліў Гродзенскі ардынарый кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. З вуснаў многіх вернікаў можна было пачуць радасны вокліч Хрыстос Уваскрос!
Вольга Сяліцкая