Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі асвяціў велікодныя стравы ў Гродзенскім мікрараёне Альшанка

У Вялікую суботу парафіяне з Альшанкі і Фабрычнага сабраліся каля сваёй парафіяльнай капліцы на асвячэнне страў. Для маладой парафіі Святога Духа, якая размяшчаецца ў гэтых мікрараёнах, гэта было першае асвячэнне страў каля капліцы. Здзейсніць абрад асвячэння прыбыў кс. бп Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі.

Ксяндза Біскупа прывітаў пробашч парафіі кс. Павел Салабуда. Ён адзначыў важнасць гэтай падзеі: “На гэтай зямлі, на тэрыторыі новай парафіі, бласлаўленне біскупа вельмі важнае. Знак крыжа ў гэтай частцы горада зменіць аблічча гэтай зямлі і вернікаў нашай парафіі”. Ксёндз біскуп заахвоціў вернікаў перажываць Велікодныя святы ў сям’і, паабяцаў сваю малітву ў парафіяльных справах і пажадаў шмат надзеі і стойкасці ў будаванні новага жывога Касцёла і парафіяльнай святыні, “у якой кожны знойдзе сваё месца побач з Уваскрослым”. Пасля абраду асвячэння вернікі павіншавалі біскупа і запрасілі яго часцей наведваць іх парафію.

 

Як расказаў нашаму парталу кс. Павел, парафія на самой справе вельмі маладая. На яе тэрыторыі жыве каля 600 маладых сямей (каталіцкіх сямей, што прынялі ксяндза з душпастарскім візітам), якія маюць па 2-3 дзіця. На сённяшні дзень вернікі прыкладваюць усе намаганні, каб атрымаць пляц пад пабудову касцёла, куды спачатку будуць перанесены капліца і крыж, якія цяпер стаяць на месцы, дзе плануецца будаўніцтва дарогі. У нядзелі і ўрачыстасці на працягу двух гадоў пры капліцы сістэматычна адпраўляецца св. Імша. Нават зімой у вялікія маразы, як адзначае кс. Павел, парафіяне прыходзілі пад капліцу і маліліся на вуліцы.