Вось ужо 6 год запар кожную восень, зіму, вясну і лета ў Беларусі адбываецца Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі. Назва сустрэч кажа сама за сябе. Гэта месца, дзе кожны чалавек, якому 18 год і больш, можа перажыць асабістую сустрэчу з Хрыстом, пазнаць Бога жывога, разважаць Слова Божае, праслухаць курс канферэнцый адносна пэўнага ўзроўня, і проста з плёнам правесці час.
Асаблівасцю гэтых рэкалекцый з'яўляецца малітва праслаўлення, на якой удзельнікі вучацца не фармальнай размове з Богам, а сустракаюцца з Хрыстом у спантаннай малітве, і праслаўляюць Пана не завучанымі фразамі, а выказваюць Богу сапраўды тое, што маюць у сэрцы, дзякуюць за атрыманыя ласкі. Малітва праслаўлення дазваляе стаць перад Богам такім, які ты ёсць, убачыць сябе, як Бог цябе бачыць. На гэтай малітве Хрыстус асаблівым чынам духоўна і фізічна аздараўляе чалавека.
Вясна 2014 не стала выключэннем. Сёлета школа прайшла ў два тэрміны, бо жадаючых прыехаць у Оршу на рэкалекцыі штораз усё болей і болей. ШХЖіЕ прайшла гэты раз 28-30 сакавіка і 4-6 красавіка, у ёй прыняло ўдзел 118 чалавек, якія прыехалі сюды з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны. Былі тут прадстаўнікі з Мінску, Гродна, Віцебска, Лынтуп, Мазыра, Жодзіна, Жлобіна, Наваельні, Крупак, наведалі школу і самі аршанцы. Гэта быў сапраўды плённы час, калі кожны ўдзельнік-навучэнец ШХЖіЕ, у час асаблівай падрыхтоўкі да Вялікадня, змог перажыць чарговае навяртанне і яшчэ на адзін крок стаць бліжэй да нашага Збаўцы і Валадара Езуса Хрыста.
Усіх, хто жадае прыняць удзел у Школе запрашаем на летнюю сесію, якая адбудзецца ў Оршы з 18 па 27 ліпеня гэтага года.
Анастасія Харкевіч