IV Нядзеля Вялікага посту. С. Антонія Шэйгерэвіч
Вось, ўжо сёння мы перажываем палову Вялікага Посту, чацвёртая Нядзеля называецца радаснай. Здаецца, што і Евангелле таксама нясе нам асобую радасць сёння: чытаем аб аздараўленні сляпога ад нараджэння. Калі б мы толькі маглі ўявіць радасць чалавека, аб якім кажа нам евангеліст Ян, ён не бачыў нічога ад нараджэння, толькі заўсёды цемра.
І вось з’яўляецца Езус: “Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: Ідзі, абмыйся ў купальні Сілаам (што перакладаецца «пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчы”. (Ян 9, 6-7). І сляпы бачыць. Гэта падобна на апісанне стварэння чалавека, як у кнізе Быцця, Езус у Духу Святым стварае мяне нанова, як сляпога з сённяшнім Евангеллі. Менавіта ў час посту мы робім пастановы і не заўсёды ўдаецца нам змяніць нешта ў сабе і мы можам паддацца, што такі я ўжо ёсць і нічога не змяню ў сваім жыцці, а патрэба нам толькі веры і даверыцца Хрысту, што Той, які аздаравіў сляпога ад нараджэння, можа аздаравіць і мяне і стварыць нанова.
Дзевятая глава пачынаецца са слоў “праходзячы Езус убачыў”, як больш за дзьве тысячы год назад , так і сёння Хрыстос праходзіць каля нас і нашага жыцця, каб аздараўляць нас і збаўляць, толькі ці я не размінаюся з Ім, бо Ён заўсёды ідзе побач мяне? А можа я выбіраю толькі такога Езуса, які адпавядае мне і маім жаданням, а калі не так, я не заўважаю Яго. Калі Хрыстос са мною тады ёсць ува мне святло, але ці мае ўчынкі кажуць пра Езуса як пра Святло (“Пакуль Я на свеце, Я – святло свету”, Ян 9, 5).
Жадаю Вам радаснай нядзелі ў Пану, задзівіцца Яго моцай і далікатнасцю, дзякаваць Яму заўсёды, што Ён заўжды з намі. Калі фарысеі выгналі сляпога, якога аздаравіў Езус, чытаем “знайшоў яго Езус”, калі здаецца нам, што мы засталіся самі і ніхто не памятае пра нас, Езус заўсёды побач і знойдзе нас, каб сказаць, як моцна нас любіць.