З 27 сакавіка па 3 красавіка ў шпіталях і жаночых кансультацыях Полацка і Наваполацка ўрачы адмовяцца ад забойстваў нявінных дзяцей, якімі з'яўляюцца аборты. Каментaрый на гэтую ініцыятыву Полацкіх і Новаполацкіх урачоў акушэр-гінеколагаў, якая праходзіць у межах акцыі "Нядзеля без абортаў", мы папрасілі даць кс. д-ру Мікалаю Ціхановічу.
Хвала Пану, што ў краіне нашай праходзіць нейкае кропкавае ажыўленне дзеянняў па абароне чалавечага жыцця. Запланаваны мараторый – гэта яшчэ адзін важны крок. Неабходна “абудзіць” нашае грамадства, у якім, ужываючы трапныя словы бл. Яна Паўла II, “… дзетараджэнне пачынае разглядацца, як “вораг”, якога трэба пазбягаць ў палавых зносінах” (Evangelium vitae, 23).
Я думаю, што гэты хоць і часовы мараторый, а асабліва звязаныя з ім маральныя і навукова-практычныя мерапрыемствы, з'яўляецца яскравым знакам для ўсіх жыхароў нашай Рэспублікі, каб уважліва прааналізаваць праблемную сітуацыю дзетараджэння. Я асабліва цешуся, што сярод узгаданых мерапрыемстваў пройдзе семінар “Роля медыцыны і акушэр-гінеколагаў у вырашэнні дэмаграфічнай праблемы ў Беларусі ва ўмовах ХХІ стагоддзя». Ведаеце, як святару балюча слухаць плачучых жанчын пасля кансультацыі з урачом-гінеколагам. Калі ў выпадку трэцяй або чацвёртай цяжарнасці ўрач замест таго, каб жанчыне дапамагчы і падтрымаць, часам ставіцца да яе з пагардай, а ў складаных сітуацыях скіроўвае яе на аборт.
Мне вельмі спадабалася выказванне Святланы Фамінічны Мазгуновай, урача акушэр-гінеколага Барысаўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа:
“Медыцына без абортаў абавязана распаўсюджваць культуру жыцця, захоўваць традыцыі гуманістычнай медыцыны. Прафесія лекара адна з самых старажытных і шанаваных на зямлі. Без гуманізму медыцына не можа быць карыснай, бо яе асноўная мэта – служэнне чалавеку.
Медыцына без абортаў толькі ў 2-х пакаленнях дазволіць дамагчыся паляпшэння фізічнага і псіхічнага здароўя.
Медыцына без абортаў дазволіць скараціць мацярынскаю і дзіцячую смяротнасць.
Медыцына без абортаў палепшыць дзетароднае здароўе жанчын.
Медыцына без абортаў павысіць статус мацярынства і бацькоўства, умацуе сям'ю.
Медыцына без абортаў дазволіць аб'яднаць усе здаровыя сілы грамадства ў захаванні жыццёвага патэнцыялу будучых пакаленняў.
Медыцына без абортаў захавае яе творчы патэнцыял, а акушэрства, як навуку дапамогі дзетараджэнню”.
---------------------------------
Каментарый рэдакцыі:
А тым часам у кастрычніцкім раённым шпіталі праводзіцца акцыя зніжак на аборт. Як патлумачыў сайту "Наша Ніва" галоўны ўрач кастрычніцкай ЦРБ, Віктар Мулярчык: "Аборты ў нашай краіне дазволеныя, і мы лічым, што жанчына мае права на выбар. А зніжка… Заробкі ж у нас не дзесяць мільёнаў на месяц. Усё адно ніхто не кінецца рабіць аборт, прачытаўшы нашую аб’яву. Такое рашэнне залежыць не ад зніжак".
A вось ў Фаніпальскай паліклініцы зніжак не прапануюць, але рэкламуюць аборты:
Са смуткам можна толькі сказаць, ужываючы словы бл. Яна Паўла ІІ, наколькі ў нашых медыкаў закаранёная, культура смерці.